Дэпутатка: на УНС могуць падняць пытанне аб прызнанні БЧБ-сцяга фашысцкім

Пратэсты ў Беларусі / Еўрарадыё
Пратэсты ў Беларусі / Еўрарадыё

Дэпутатка Мінгарсавета Вольга Цесакова расказала ў эфіры Еўрарадыё, што на Усебеларускім народным сходзе можа быць узнята пытанне пра прызнанне БЧБ-сімволікі фашысцкай:

— Забараніць яе, аж да крымінальнай адказнасці за яе выкарыстанне, — кажа Цесакова. Яна, а таксама яе калега па Мінгарсавета Павел Бачарнікаў сталі двума з 57 дэпутатаў, якім месца на УНС не знайшлося.

Усебеларускі народны сход не заканадаўчы орган, яго рэзалюцыя нясе рэкамендацыйны характар. Але пра рашэнне могуць пачаць гаварыць як пра "волю большасці", якая стане асновай для канчатковага рашэння БЧБ-пытання:

"Іншы момант — як гэта могуць абярнуць: "Гэта меркаванне большасці, і, каб не праводзіць рэферэндум, мы, карыстаючыся выпадкам, правядзём гэты законапраект", — разважае Вольга Цесакова.

Раней Лукашэнка абвясціў, што парламент "у найбліжэйшы час" разгледзіць праект закона "Аб недапушчальнасці гераізацыі нацызму". Пра тое, што нацыянальны беларускі сцяг з чырвонай і белых палос, — нацысцкі і калабарацыянісцкі, упарта паўтарае дзяржаўная прапаганда.

У пачатку снежня ў эфіры АНТ дэпутатка палаты прадстаўнікоў Лілія Ананіч заявіла, што падрыхтаваць заканадаўчыя акты аб недапушчальнасці гераізацыі нацызму плануецца да вясновай сесіі парламента, якая традыцыйна адкрываецца 2 красавіка. Ананіч не ўдакладніла, якія менавіта нормы могуць быць прапісаныя ў дакуменце. Але ў згаданым сюжэце АНТ гаворка сярод іншага ішла і пра БЧБ-сімволіку.

БЧБ-сцяг стаў сімвалам беларускіх пратэстаў пасля жнівеньскіх прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі