Для аўтараў "Рэгнума" пракурор запрасіў 5 гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай
Пяць гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на тры гады — такое пакаранне запрасіла абвінавачанне для аўтараў расійскага інфармагенцтва "Рэгнум", піша tut.by.
Дзяржабвінаваўца Аляксандр Кароль падчас спрэчак канстатаваў, што абвінавачаныя прызналіся ў аўтарстве разгляданых артыкулаў. Іх тэксты, на думку экспертаў, маглі стаць прычынай распальвання нацыянальнай варожасці або розні. Абвінаваўца падкрэсліў, што артыкул 130 Крымінальнага кодэкса, па якім судзяць аўтараў "Рэгнума", лічыцца злачынствам супраць чалавецтва. Паводле гэтага артыкула, прадугледжваецца толькі пазбаўленне волі ад пяці да дванаццаці гадоў.
Пракурор прапанаваў зняць абвінавачанні да Шыптэнкі і Паўлаўца ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, у чым іх вінавацілі. Нагодай стала тое, што яны атрымоўвалі ганарары за свае тэксты.
Трох аўтараў "Рэгнума" затрымалі яшчэ напрыканцы 2016 года. Суд над імі пачаўся пад канец 2017-га і цягнецца ўжо другі месяц. Дацэнта БДУІР Юрыя Паўлаўца, брэсцкага ахоўніка Дзмітрыя Алімкіна і галоўнага рэдактара часопіса "Новая эканоміка" Сяргея Шыптэнку вінавацяць у распальванні расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні.