Домрачава выступіць у жаночай эстафеце на этапе Кубка свету 12 студзеня
12 студзеня ў нямецкім Рупольдынгу пройдзе эстафетная гонка сярод жанчын на 5-м этапе Кубка свету па біятлоне. Як паведамляе БЕЛТА, трохразовая алімпійская чэмпіёнка Дар'я Домрачава ўключаная ў склад зборнай Беларусі.
Нагадаем, што Домрачава выйшла на лыжню тыдзень таму ў нямецкім Оберхофе: яна першы раз пасля родаў удзельнічала ў спрынце і гонцы пераследу. Беларуская бітялністка заняла месца ў чацвёртым дзясятку, але засталася задаволеная першымі вынікамі.
Жаночая эстафета на пятым этапе Кубка свету пачнецца ў чацвер, 12 студзеня, у 16.20. Жывую трансляцыю запланаваў тэлеканал "Беларусь 5".
Акрамя Домрачавай у беларускую зборную ўвайшлі Надзея Скардзіна, Надзея Пісарава і Ірына Крыўко. Паведамляецца, што Домрачава выступіць на трэцім этапе эстафеты.