Дружба Festival: плануе продаж піва ў адмысловым “Фуд корце”

1-2 жніўня на хутары “Шаблі” пройдзе першы міжнародны фестываль “Дружба”. За два дні на галоўную сцэну выйдуць расіяне Дельфин, “Ногу Свело”, Animal ДжаZ, прадстаўнік Украіны Сяргей Бабкін ды беларусы “Серебряная Свадьба”, “Без Билета”, Akute, Botanic Project, “Петля Пристрастия”, “Кассиопея”, Navi, Sounduk, :B:N:, ды іншыя.

З цягам часу спіс музыкаў пашырыцца малавядомымі гуртамі, якіх арганізатары вырашаць падтрымаць. Выступаць яны будуць на малой фестывальнай сцэне, дзе пройдуць і невялічкія начныя after-party. Галоўная ж сцэна “Дружбы” папярэдне будзе працаваць з 15-й да 23-й гадзіны штодзень.

“Падрыхтоўка да фестывалю пачалася два гады таму, калі мы вырашылі наведаць некалькі вядомых еўрапейскіх фестываляў, — распавядае падчас прэс-канферэнцыі каардынатар “Дружбы Аляксандр Шугаеў. — Мы пабывалі на вядомых фестывалях Англіі, Партугаліі ды суседніх з намі краін і зразумелі, што самае галоўнае на оўпэн-эйрах — добры настрой, весялосць і радасць. Менавіта гэта мы і плануем падарыць беларусам”.

Сваёй асноўнай місіяй арганізатары сціпла лічаць “сабраць добрых людзей разам і добра пабавіць час у сяброўскай атмасферы”. Адсюль і назва фэсту, на які, дарэчы, ужо менш сціпла чакаюць ад 5000 наведвальнікаў за два дні.

“У сваю чаргу, мы зробім усё магчымае, каб прысутныя маглі сябе ўтульна адчуваць ўдалечыні ад горада і цывілізацыі, — працягваюць арганізатары. — Мы мінімізуем ці выключым пытанні, якія звычайна ўзнікаюць на оўпэн-эйрах. Напрыклад, чэргі ў прыбіральні, зарадка мабільных… У нас будзе паўнавартасны кэмпінг, які здолее прыняць усіх жадаючых, у якім будзе ўсё неабходнае для жыцця, у якім мы не будзем змагацца за кожны сантыметр, як гэта робяць у той жа Польшчы”.

Дарэчы, менавіта атмасферу ды часовую адмову ад гарадскога жыцця арганізатары называюць адметнасцю “Дружбы”. Адчуванне, што папярэдні маніторынг еўрапейскіх фестываляў не закрануў беларускіх оўпэн-эйраў апошніх гадоў…

Немузычныя забавы “Дружбы” — стандартныя для беларускіх фэстаў: арт-аб’екты і інсталяцыі, перфомансы, кірмаш, ёга, спаборніцтвы па валейболе, бадмінтоне ды фрысбі, дзіцячая пляцоўка і іншае. А вось сапраўдным прарывам стане так званы “Фуд-корт”, дзе можна будзе не толькі набыць ежу, але і папіць піва!

“Гэта выбітны поспех, — не вытрымлівае лідар BeZ bileta Віталь Артыст, які таксама зазірнуў на прэсуху. — Калі будзе піва на фестывалі, то ён проста цудоўны! Еўрапейскі ўзровень!”

Арганізатары спадзяюцца, што “Фуд-корт” вытрымае нават самы актыўны попыт сярод наведвальнікаў і вялікіх чэргаў у ім не будзе.

Першапачаткова квіткі на абодва дні будуць каштаваць каля 500 тысяч рублёў, у продажы яны з’явяцца на пачатку траўня. Таксама можна будзе набыць квіткі толькі на адзін, больш упадабаны дзень, але яны з’явяцца вельмі абмежаваным накладам і каштаваць будуць не менш за 70% ад поўнага білета.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі