Дыпламаты "забыліся" ў расійскім аэрапорце беларусаў, якія вярнуліся з Сейшэл
У маскоўскім аэрапорце ў беларусаў узніклі праблемы
Беларускім падарожнікам, якія захраслі на Сейшэльскіх астравах, нарэшце ўдалося вылецець у бок радзімы. У іх з'явіўся варыянт дабрацца да Мінска рэйсам праз Маскву.
Адна з пасажырак гэтага рэйса Вольга Чаркасава расказвае Еўрарадыё, што эвакуацыя адбылася дзякуючы намаганням беларускай амбасады ў Кеніі. Расія закрыла межы для замежнікаў, аднак нашы дыпламаты змаглі ўзгадніць пасадку грамадзян Беларусі на рэйс з Сейшэльскіх астравоў у Маскву, арганізаваны амбасадай Расіі сумесна з расійскай кампаніяй "Спадарожнік" — імпарцёрам садавіны з Афрыкі, — якая ўзяла ў арэнду самалёт.
Білеты абышліся Вользе ў 915 еўра. Але тут ужо было не да эканоміі — абы вярнуцца дадому.
— Плаціць наўпрост гэтай фруктовай кампаніі грамадзяне Беларусі і Украіны не маглі. Плацілі наяўнымі і праз сэрвіс "Яндэкс.грошы". У самы апошні момант двое беларусаў змаглі аплаціць білеты праз сваякоў, якія прыйшлі ў аддзяленне Беларускага банка, — расказвае Вольга Чаркасава.
Вольга ляцела ў Маскву адным бортам з удзельнікамі расійскага рэаліці-шоу "Дом-2". У яе быў білет на стандартныя месцы, у той час як у акцёраў былі месцы падвышанай камфортнасці. Адрозненняў не назіралася, чым яны былі вельмі незадаволеныя.
Турысты разлічвалі, што пасля прыбыцця ў аэрапорт Дамадзедава іх возьме пад сваю апеку амбасада Беларусі ў Расіі. Яна ж павінна была забяспечыць трансфер да расійска-беларускай мяжы. З Кеніі ў маскоўскае прадстаўніцтва Беларусі быў высланы спіс з прозвішчамі 11 беларусаў, якія купілі білеты на камерцыйны рэйс. Аднак па прылёце іх ніхто не сустрэў.
— Супрацоўнік амбасады блытаецца ў паказаннях, чаму пра нас не ведалі. Яму нібыта толькі ўчора ў 17 гадзін далі спісы. Але спісы ўкраінцаў узгаднілі тры дні таму, і нашы спісы не мяняліся таксама. З 17 гадзін да гадзіны ночы таксама было нямала часу, — тлумачыць Вольга.
Па прыездзе ў беларусаў забралі пашпарты, багажу не выдалі. Супрацоўнікі аэрапорта накармілі турыстаў сухпайком і забяспечылі вадой.
Да амбасады ўдалося дазваніцца толькі да гадзіны ночы — там людзям паабяцалі заняцца іх пытаннем пасля 9 раніцы і пакінулі начаваць у зале аэрапорта.
— Мы дазваніліся да амбасады, там прапанавалі пераначаваць на чым-небудзь. Тут холадна, людзі без багажу ў адных шортах, гарачага пітва няма. Вядома, мы не спалі, змерзлі. На падлозе каменнай або падаконніку спаць немагчыма, вельмі холадна.
Пра наш рэйс было вядома за тыдзень. Украінцаў вывезлі без праблем рана раніцай, як і абяцалі загадзя. Нас таксама абяцалі адразу вывезці. Чаму мы цяпер сядзім у аэрапорце — незразумела, — здзіўляецца Вольга. — Нас тут 11 чалавек, усе два месяцы працавалі на Сейшэлах і плацілі падаткі. Мы не прасілі нам рэйс бясплатна або матэрыяльную дапамогу, як рускім. Мы просім толькі дыпламатычнага садзейнічання.
Аб 11-й раніцы 14 траўня ў аэрапорт Дамадзедава па турыстаў прыехаў аўтобус з беларускай амбасады, адначасна забраўшы з Шарамеццева іх таварышаў па няшчасці. За дастаўку сваіх грамадзян да расійска-беларускай мяжы амбасада папрасіла 20 долараў.
Еўрарадыё звязалася з амбасадай Беларусі ў Маскве. Там наша пытанне не зразумелі.
— Дык у чым праблема? Дапусцім, яны прыбылі з Сейшэл не падчас пандэміі. Як бы яны дабіраліся? У людзей, якія заплацілі 900 еўра за білет, няма 20 еўра? — адказвае дарадца пасланніка Наталля Кіслекова. — Гэтыя людзі, якія цяпер у травеньскія цёплыя дні знаходзіліся ў аэрапорце, якіх пакарміла авіякампанія, адкрыта скажам, знаходзіліся не ў самых горшых умовах. Былі людзі, якім больш за суткі даводзілася знаходзіцца ў аэрапорце. Таму нам не зусім зразумела, адкуль незадаволенасць. Варта адзначыць, што некаторыя з турыстаў, якія паляцелі на Сейшэлы, адправіліся туды пасля абвяшчэння СААЗ аб пандэміі каронавіруса.
Мы дамовіліся, што Наталля перазвоніць нам, як толькі даведаецца ўсе падрабязнасці трансферу. Праз некаторы час усё памянялася: плаціць за паездку на аўтобусе амбасады больш не трэба.
— Усе турысты паспяхова селі ў пасольскі аўтобус і едуць да мяжы з Рэспублікай Беларусь. Едуць яны без кампенсацыі сродкаў.
Пасля таго як турысты апынуцца на тэрыторыі Беларусі, дабірацца да дома яны будуць самастойна. Шчыра радуемся за сваіх суайчыннікаў і віншуем з вяртаннем!
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.