Дырэктар ФК "Маладзечна-2013": Я не ганаруся тым, што Беларусь незалежная
Такая заява прагучала ад дырэктара футбольнага клуба "Маладзечна-2013" Аляксандра Любанца на сустрэчы па выніках сезону.
Дырэктар клуба, які выступае ў другой лізе чэмпіянату Беларусі, заявіў, што выступае катэгарычна супраць беларускай мовы на эмблеме клуба. Як піша "Прессбол", Любанец выказаў меркаванне, што беларускую мову навязваюць людзям, гэтак жа, як нацыянальныя мовы ў Літве і Украіне. Фанаты, якія прысутнічалі на сустрэчы, кажуць, што дырэктар прасіў не публікаваць яго выказванні ў прэсе. Тым не менш, яны трапілі ў сацыяльныя сеткі.
Любанец: "Я супраць эмблемы на беларускай мове. Гэта звязана з гісторыяй, палітыкай. Наш галоўны геапалітычны і стратэгічны партнёр — гэта Расія. Яна наша матухна-карміцелька. Таму я за рускую мову. Мне шкада Украіну і Літву, што ім навязваюць іх нацыянальную мову. Дзякуй богу, у нас не так. Наш кіраўнік мудра выконвае гэты баланс. І я не ганаруся тым, што Беларусь незалежная. Нас адлучылі ад Вялікай краіны. Што ў гэтым добрага? А ўсе нашы так званыя нацыяналісты прапагандуюць беларускую мову, таму што ім яе навязалі. Што да эмблемы, калі гэта залежыць ад мяне, я буду настойваць, каб яна была толькі на рускай мове. Таму што яна будзе з'яўляцца на ўсіх афіцыйных дакументах. І мне перакладчык з беларускай мовы не патрэбен. Навошта ствараць лішнія бар'еры! Калі б паўстала пытанне, паміж якой мовай выбіраць: беларускай ці англійскай, я б выбраў беларускую. Але калі выбіраць паміж рускай, то я адназначна за яе".