“Дзе беларускія джынсы, дзе пакупнікі?” – што іпэшнікі спытаюць у Лукашэнкі
Еўрарадыё збірала на рынках пытанні іпэшнікаў да кіраўніка краіны.
У гандлёвым цэнтры “Купалаўскі”, што на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску большасць шапікаў зачыненая. Але знаходзім адну прадпрымальніцу:
“Калі нарэшце ўпадзе арэнда на месца? Бо цяпер даводзіцца плаціць больш за 4 мільёны”, — пытаецца прадпрымальніца, яна гандлюе парасонамі, шалікамі ды шапкамі. Таксама жанчына цікавіцца, як ёй трапіць на сустрэчу да Аляксандра Лукашэнкі у “Экспабел”, каб задаць пытанне там.
Як прадпрымальнікам трапіць на сустрэчу да Лукашэнкі?
На “Ракаўскім” рынку ля станцыі метро Пушкінская ў прадпрымальнікаў адчыненыя амаль усе шапікі і боксы. Гэта адзін з нямногіх рынкаў у Мінску, які працуе ў панядзелак. Пакупнікоў няшмат.
“Дзе ўзяць пакупнікоў? — адразу пытаецца прадпрымальніца, якая гандлюе дзіцячымі цацкамі, калі кажу пра будучую сустрэчу з кіраўніком краіны. — Але да Лукашэнкі пытанняў не маю”, — удакладняе на ўсялякі выпадак.
Прадпрымальніца Ала гандлюе жаночай вопраткай. Пытанняў у яе шмат, але ўсе не да кіраўніка краіны:
“Дзе нам узяць беларускія джынсы, добрыя беларускія майкі? Тады б і не было пытанняў з усялякімі сертыфікатамі. А калі ўвядуць сертыфікаты, то дзе ўзяць іх на кітайскія джынсы?”.
Абавязковыя сертыфікаты на якасць тавару для іпэшнікаў збіраліся ўводзіць некалькі разоў. Але па апошнім праекце Указа прэзідэнта 222 сертыфікаты збіраюцца адмяняць, з-за гэтага падаткі вырастуць на палову. Праўда, пакуль дакумент на падпісанні ў кіраўніка краіны.
Іпэшнікі: Калі нам падымуць падаткі, мы падымем кошты
“Я б спытала, як гандляваць з такімі падаткамі? Цяпер падаткаў больш за 2 мільёны, а калі яны вырастуць удвая? Чым тады плаціць арэнду? А таксама б спытала, калі закончацца змены ў законах і будзе яснасць і стабільнасць?” — пытаецца Ала, яна гандлюе курткамі, як іпэшніца працуе 20 гадоў.
Пра блытаніну ў новых зменах і законах запыталася б Галіна, якая гандлюе джынсамі:
“Я ўжо не разумею, як нам працаваць. Трэба, каб ясна патлумачылі, што і да чаго”.
На кантакт гандляры-іпэшнікі ідуць неахвотна, а большасць проста не ведае, што б такога спытаць у кіраўніка краіны, каб стала лепш.
Арэнда невялікай крамы для прадпрымальніцы Марыі каштуе каля 15 мільёнаў на месяц.
“Мяне не пачуюць усё адно, ужо надакучыла змагацца. Хутка дапрацую і пайду на пенсію”, — падсумоўвае прадпрымальніца.
На “Ракаўскім” пакупнікоў амаль няма, прадпрымальнікі скардзяцца, што калі падаткі ўздымуць, то большасць проста зачыніцца, бо па завышаных коштах ніхто набываць не будзе. Джынсы тут цяпер каштуюць ад 300 да 700 тысяч. Чаравікі на вясну можна знайсці за 250-300 тысяч.
Фота: tut.by