Дзе згубіліся беларусы, што ішлі на “заробкі” да сепаратыстаў “ЛНР”?
У СБУ заяўляюць, што іх ужо дэпартавалі на радзіму, беларускае МЗС нічога пра гэта не ведае.
Першым пра затрыманне двух беларусаў, якія ехалі да сепаратыстаў на Данбасе, але былі затрыманыя праваахоўнікамі на блокпосце пры выездзе з Лісічанска, паведаміў кіраўнік Луганскай ваенна-грамадзянскай адміністрацыі Генадзь Маскаль.
“Ішлі канкрэтна да аднаго з кіраўнікоў бандытаў — Мазгавога, расстралянага ўчора каля Алчэўска. Не забыліся ўзяць з сабой ваенныя білеты, якія знайшлі падчас вобшуку. Разлічвалі атрымліваць штомесяц па некалькі тысяч долараў, хоць такіх грошай там і блізка не плацяць. Тое, што давядзецца страляць ва ўкраінцаў, для іх, відаць, было неістотна. Цяпер з затрыманымі працуюць нашы спецслужбы. Найбліжэйшым часам іх хутчэй за ўсё выдвараць на бацькаўшчыну, хай з імі разбіраюцца беларускія сілавыя структуры”, — напісаў Генадзь Маскаль на сваім афіцыйным сайце 24 траўня.
Як паведамлялася раней, затрыманыя — мужчыны 34 і 37 гадоў. Яны прыехалі ва Украіну з Брэсцкай вобласці. Адзін — былы дэсантнік, другі не служыў, але стаіць у рэзерве на ваенным уліку. Вырашаем высветліць далейшы лёс “баевікоў”.
Раніцай 26 траўня прэс-сакратар упраўлення МУС Украіны ў Луганскай вобласці Таццяна Пагукай расказвае Еўрарадыё, што беларусаў перадалі Службе бяспекі Украіны і іх, найхутчэй, будуць судзіць.
Таццяна Пагукай: “Калі выявяць у іх дзеяннях правапарушэнні, за якія прадугледжаная ўкраінскім заканадаўствам крымінальная адказнасць— значыць, будуць яны адказваць. Калі не знойдуць у іх дзеяннях нічога супрацьпраўнага, іх дэпартуюць на тэрыторыю Беларусі”.
Праўда, ніякіх падрабязнасцяў расследавання Таццяна Пагукай не ведае — беларусаў перадалі СБУ, і далейшы іх лёс цалкам залежыць ад спецслужбаў.
Вось толькі ў самой СБУ нам паведамляюць, што беларусаў… практычна адразу пасля затрымання дэпартавалі на радзіму!
Прэс-служба СБУ: “Яны былі дэпартаваныя адразу. Ні следчых дзеянняў не было, ні нейкіх працэдур — нічога”.
Тое, што нашых суайчыннікаў нібыта ўжо дэпартавалі ў Беларусь, стала сюрпрызам для беларускага МЗС.
“На дадзены момант ніякага афіцыйнага паведамлення ў нас няма, пасольства наша працуе”, — адказвае на пытанне пра лёс затрыманых пад Лісічанскам беларусаў кіраўнік прэс-службы МЗС Марыя Ваньшына. Але я перадаю ёй атрыманую ад Службы бяспекі Украіны інфармацыю пра дэпартацыю, і Ваньшына пры мне яшчэ раз набірае консульскі аддзел — па-ранейшаму ніякай інфармацыі.
Няма на гэты конт ніякай інфармацыі ні ў Брэсцкім абласным упраўленні МУС, ні ў самім МУС Беларусі, ні ва Упраўленні КДБ па Брэсцкай вобласці.
Фота: uapress.info