Джоні Дэп і Скарлет Ёхансан VS Аляксей Шадзько і Анастасія Шпакоўская
Еўрарадыё склала рэйтынг акцёраў, якія праявілі сябе ў музыцы. Прапаноўваем параўнаць, хто музыцыруе лепш: нашы ці замежныя.
Нядаўна Джоні Дэп заявіў, што не збіраецца ствараць ніякіх музычных гуртоў, як некаторыя яго калегі па Галівудзе. Маўляў, ён будзе па-ранейшаму граць на гітары, запісвацца са сваімі сябрамі, аднак пра ніякі Johnny Depp Band не можа ісці гаворкі. Акцёру не падабаецца ідэя, зарабляць у іншых галінах. Тым не менш, Эліс Купер сцвярджае, што Джоні Дэп можа граць любую разнавіднасць рок-н-рола. А Oasis у свой час паклікалі менавіта Дэпа запісаць "Fade In-Out". З Дэпам любяць музіцыраваць Кіт Рычардс, Стыў Тайлер ды The Black Keys. І, відаць, нездарма: у 16 гадоў будучы Джэк-верабей кінуў школу, каб стаць музыкам. Ён граў у розных гуртах: "The Flame", "Rock City Angels", "The Kids", "Р" і атрымаў някепскі досвед.
Але не ўсе галівудскія зоркі такія ж прынцыповыя, як Джоні Дэп. Напрыклад, аскараноснаму Джарэду Лета зусім не перашкаджаюць мільёны, заробленыя падчас сусветных тураў гурта 30 Seconds to Mars. Прычым, для Лета канцэрты гурта настолькі важныя, што ён лёгка можа адмовіцца ад прапановы здымацца ў тым ці іншым фільме, калі гаворка ідзе пра "накладкі". У красавіку Джарэд Лета і 30 Seconds to Mars у 3-ці раз наведае Мінск, і мы ў чарговы раз зможам упэўніцца, што таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім.
А вось Х'ю Лоры любіць спяваць блюзы. На канцэртах знакаміты доктар Хаўс сядае за фартэпіяна ці бярэцца за гітару і выдае традыцыйныя амерыканскія блюзы. Таксама Лоры можа сыграць на саксафоне, губным гармоніку, барабанах і напісаць уласную песню. Лоры называе блюз музыкай незвычайнай прыгажосці і радасці і мяркуе, што жывы выступ — гэта лепшае з таго, што прыдумала чалавецтва. Акцёр выдае музычныя альбомы і нават не супраць сысці ў музыку, але ўсё залежыць ад таго, колькі людзей будзе прыходзіць на яго канцэрты.
У адрозненне ад свайго англійскага калегі, амерыканскі акцёр Кевін Костнер аддае перавагу кантры. Яшчэ ў дзяцінстве "Целаахоўнік" наведваў царкоўны хор, граў на гітары і фартэпіяна. З сыходам у акцёрства музычнае хобі Костнера было закінутае да 2007 года, пакуль жонка акцёра не пачула песню, якую гралі іх дзеці. Выдатная песня апынулася аўтарства бацькі, то бок, Кевіна, а жонка папрасіла мужа вярнуцца ў музыку. Кевін не змог адмовіць каханай у просьбе, знайшоў сваіх старых сяброў-музыкаў і скалаціў новы гурт Modern West, дзе ён спявае і выступае як гітарыст. У дыскаграфіі каманды 4 альбомы. Апошні з іх, "Famous For Killing Each Other", нават патрапіў на 14 месца ў амерыканскім чарце кантры-альбомаў, а Кевін з музыкамі пракаціў кружэлку па розных краінах і гарадах.
Сапраўдным рокерам марыў стаць Расэл Кроў. Акцёр прысвяціў музыцы 30 гадоў. У сярэдзіне 80-х стварыў гурт "Roman Antix", які пазней стаў называцца "30 Odd Foot of Grunts". Усе песні для гурта Кроў напісаў сам. Па словах акцёра, займацца музыкай яму падабаецца больш, чым здымацца ў кіно. У 2005 годзе Кроў пакінуў гурт, з якім запісаў 6 альбомаў, палічыўшы, што калектыўная творчасць яго не захапляе так, як раней. Цяпер Расел працуе сольна. Нядаўна акцёр запісаў сумесны сінгл з аўстралійскай спявачкай Марсіяй Хайнс.
Не так даўно прымерыла амплуа спявачкі і любіміца Вудзі Алена, актрыса з мінскімі каранямі Скарлет Ёхансан. Спачатку Скарлет выпусціла альбом кавераў на Тома Уэйтса. У гэтым ёй дапамагалі музыкі з TV on the Radio, Yeah Yeah Yeahs і сам Дэвід Боўі. Пазней актрыса выдала сольную кружэлку "Break Up", праўда, крытыкі палічылі яе нуднай. Цяпер Ёхансан гадуе дзіця і, кажуць, спявае.
Музычная кар'ера амерыканкі Зоўі Дэшанэль выглядае куды больш паспяховай, чым у Ёхансан. Сваю дзіцячую захопленасць спевамі Зоўі працягнула ў межах кабарэ-дуэта "If All the Stars Were Pretty Babies", выступаючы ў клубах Лос-Анжэлеса з актрысай Самантай Шэлтан. Потым, падчас працы над саўнд-трэкам да фільма "The Go-Getter", Зоўі пазнаёмілася з фолк-музыкам Мэтам Уордам. Маладыя людзі пасябравалі на глебе любові да музыкі і стварылі паспяховы дуэт She & Him, які запісаў ужо 4 альбомы. А ўвогуле, Зоўі шмат спявае ў фільмах, у якіх здымаецца, і сама піша для іх музыку. Таксама спявачка можа сыграць на банджа, укулеле, піяніна і барабанах.
Раян Гослінг, зорка "Гэтага дурацкага кахання", "Драйву", "Сакавіцкіх ід", "Валянцінкі", яшчэ ў юнацкім узросце выступаў у The Mickey Mouse Club і спяваў з Брытні Спірс ды Джасцінам Тымберлэйкам. Пазней разам з сябрам Закам Шылдсам стварыў каманду Dead Man's Bones, якая грае гэткі макабрычны рок. Гослінг выступае ў камандзе пад псеўданімам "Дзетка Гусь" — спявае, грае на гітары, басе і піяніна. З усім астатнім дапамагае Раяну Зак і дзіцячы хор. Гурт існуе дагэтуль, праўда, апошнім часам навіны пра яго з'яўляюцца не часта.
Самы сумны і сціплы акцёр Галівуда Кіяну Рыўз, аказваецца, грае на бас-гітары. Рыўз зацікавіўся інструментам, калі яму было 23. Разам з сябрамі ў 1993 годзе Кіяну стварыў пост-гранж-гурт Dogstar, які выпусціў дзве кружэлкі (першую з якіх крытыкі вельмі хвалілі), праехаўся з канцэртамі на разагрэве ў Дэвіда Боўі і Bon Jovi і нават выступіў на "Гластнбэры" у 1999 годзе. Аднак у 2003 годзе гурт перастаў існаваць, а Кіяну цалкам пагрузіўся ў кіно. Нечакана для прыхільнікаў у 2009 годзе Dogstar выпусцілі складанку "The Complete Collection", куды ўвайшлі 24 лепшыя песні гурта і 4 цалкам новыя кампазіцыі. Цяпер Кіяну Рыўз грае на басе дома выключна для сябе.
Шэнін Сасамон, якая праславілася ролямі ў "40 дзён і 40 начэй" і "Правілах сэксу", была бубначкай і бэк-вакалісткай каліфарнійскага гёрлз-бэнда Warpaint, які грае псіхадэлічны інды-рок. Здымкі ў кіно прымушалі Шэнін то сыходзіць, то вяртацца ў гурт. Але дэбютны ЕР "Exquisite Corpse", які "кантраляваў" сам Джон Фрусчантэ, быў запісаны пры ўдзеле Сасамон.
Увогуле, галівудскія зоркі любяць паспяваць і пайграць. Напрыклад, у свой час Роберт Даўні-малодшы выпусціў альбом "Futurist", які ўразіў сваімі аранжыроўкамі (тут пастараліся прадзюсары Duran Duran і Aerosmith), прыгожымі мелодыямі. Акцёр тады заявіў, што ў яго ёсць песні і для другога альбома. Але пачынаючы з "Жалезнага чалавека" Даўні-малодшы становіцца зоркай блокбастараў і яму няма калі займацца музыкай. Выключэнні — дабрачынныя канцэрты, дзе Даўні раз-пораз ды засвеціцца.
Не адстаюць ад галівудскіх калег і беларускія акцёры. Праўда, геапалітычныя і ментальныя асаблівасці прымушаюць нашых акцёраў вельмі сур'ёзна ставіцца да сваіх музычных спраў і сумяшчаць музыку і акцёрства.
Так, акцёры Купалаўскага тэатра Ганна Хітрык, Міхаіл Зуй і Зміцер Ясіневіч аднойчы ствараюць гурт "Дзецідзяцей", які набывае папулярнасць, дзякуючы сваім простым і шчырым песням пра каханне і жыццё. Пасля трох паспяховых альбомаў каманда распадаецца: Ганна збірае Sounduk (за ёй ідуць музыкі з папярэдняга гурта) і працягвае лінію "Дзяцей", а Міша з Дзімам ствараюць ili-ili, эксперыментуючы з больш сучаснымі кірункамі.
Свой гурт Naka актрыса рускага тэатра імя Горкага Анастасія Шпакоўская стварыла 10 гадоў таму. За гады існавання каманда выдала шэраг альбомаў і кліпаў. А Анастасія (дарэчы, атрымала статус беларускай "Рок-князёўны) пры нагодзе ўдзельнічае ў розных праектах і не абмінае магчымасці паўдзельнічаць, напрыклад, у сусветнай акцыі Ice Bucket Challenge, для якой можа лёгка распрануцца ў цэнтры Мінска!
Ілля Чарапко-Самахвалаў нібыта канчаткова вызначыўся з тым, што музыка для яго важнейшая, чым тэатр. Таму вырашыў не сумяшчаць гэтыя дзве складаныя прафесіі, кожная з якіх патрабуе поўнай аддачы. Тым больш, што ў Іллі ажно 2 гурты — "Петля Пристрастия" і "Кассиопея”.
А прыклад сумяшчэння акцёрскай і музычнай кар'ер маладым паказалі Аляксей Шадзько, некалі акцёр таго ж Рускага тэатра і Віктар Шалкевіч, які працуе ў Гродзенскім тэатры лялек.
Спачатку Шадзько скалаціў гурт "Доктор Моро", потым — "Сястра". Запісаў вялікую колькасць альбомаў. Апошнія гады Аляксей жыве ў Маскве, грае ў МХАТе. Але рэгулярна наведвае Мінск з канцэртамі.
Віктар Шалкевіч, у адрозненне ад рокера Шадзько, праславіўся як бард. Акцёр стаў пераможцам шматлікіх конкурсаў бардаўскай песні. Ён запісаў таксама шмат альбомаў, а тэксты яго песень перакладзеныя на розныя мовы.