Джорджа Мелоні стала новым прэм'ер-міністрам Італіі

Джорджа Мелоні падчас прысягі на пасаду прэм'ер-міністра / Ansa
Джорджа Мелоні падчас прысягі на пасаду прэм'ер-міністра / Ansa

Лідарка ультраправых "Братоў Італіі" Джорджа Мелоні стала новым прэм'ер-міністрам краіны. 22 кастрычніка палітык прыняла прысягу, як і міністры яе ўрада, паведамляе агенцтва Ansa.

Напярэдадні прэзідэнт Італіі Сэрджа Матарэла афіцыйна даручыў Джорджы Мелоні сфармаваць кааліцыйны ўрад краіны, што яна і зрабіла, абвясціўшы ў пятніцу імёны ўсіх 24 міністраў. Акрамя "Братоў Італіі" ў новы ўрад увайшлі партыі Ліга" Матэа Сальвіні і "Наперад, Італія!", якую неафіцыйна ўзначальвае экс-прэм'ер Сільвіа Берлусконі, афіцыйна — Антоніа Таяні. І Таяні, і Сальвіні сталі віцэ-прэм'ерамі. Акрамя таго Таяні ўзначаліў італьянскае МЗС, а Сальвіні заняў пасаду міністра інфраструктуры.

Джорджа Мелоні стала першай жанчынай-прэм'ерам у гісторыі Італіі і першым ультраправым кіраўніком італьянскага ўрада з часоў Другой сусветнай вайны. Да таго ж Мелоні — шосты прэм'ер Італіі за апошнія восем гадоў.

Былы прэм'ер-міністр Марыа Драгі аб'явіў аб адстаўцы ў ліпені 2022 года ў сувязі з унутраным палітычным крызісам у краіне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі