Дзяцей, пацярпелых у аварыі ва Украіне, перавязуць з Брэста ў Мінск
Плануецца, што гэта адбудзецца 16 ліпеня.
Пра гэта інфармуе БЕЛТА са спасылкай на намесніцу галоўнага лекара Брэсцкай дзіцячай абласной лякарні Людмілу Ігнатчык. Па яе словах, рашэнне было прынятае па просьбах бацькоў мінскіх школьнікаў. Стан дзяцей дазваляе іх транспартаваць.
Цяпер у Брэсцкай дзіцячай абласной лякарні знаходзяцца трое пацярпелых у аўтааварыі ва Украіне беларускіх дзяцей — дзве дзяўчынкі і хлопчык 15, 14 і 11 гадоў. У іх дыягнаставалі чэрапна-мазгавыя траўмы. У аднаго дзіцяці медыкі выявілі таксама ўшыб шыйнага пазванка.
На лячэнні ў Брэсцкай абласной лякарні застанецца дарослая пацыентка з ліку пацярпелых у той аварыі беларусаў. У бліжэйшыя два дні жанчына будзе яшчэ знаходзіцца ў аддзяленні рэанімацыі. Затым плануецца перавесці яе ў нейрахірургічнае аддзяленне.
Нагадаем, аварыя на аўтадарозе Даманава-Ковель адбылася 11 ліпеня. Беларускі турыстычны аўтобус, які перавозіў дзіцячы харэаграфічны калектыў з Мінска на балгарскі курорт, сутыкнуўся з украінскім рэйсавым аўтобусам. У выніку лабавога сутыкнення загінулі 8 чалавек, у тым ліку абодва кіроўцы, 12-гадовы беларускі хлопчык і пяць пасажыраў — грамадзян Украіны. Каля 30 чалавек пацярпелі. Па факце ДТЗ пачалі крымінальную справу.
Фота з месца аварыі — yuzhnoukrainsk.net