Дзяржаўная прэса высмеяла Пуціна, заўважыўшы ў ім Лукашэнку

Жаданне прэзідэнта Расіі застацца ва ўладзе выклікала іранічнае захапленне ў беларускіх афіцыйных газет.
Дзве падзеі тыдня суседзяў, якія да Беларусі прамога дачынення не маюць, тым не менш, узрушылі нашу прэсу. Спачатку на парламенцкіх выбарах ва Украіне нечакана перамагла аранжавая кааліцыя. Пакуль незалежная прэса радавалася, дзяржаўныя СМІ паспяшаліся запэўніць, што вось зараз моцны Юшчанка скіне маску і будзе перапісваць пад сябе Канстытуцыю….

А у гэты час у Расіі адбылося тое, чаго чакалі ўсё. Уладзімір Пуцін на з'ездзе "адзінаросаў" пагадзіўся ўзначаліць перадвыбарчы спіс партыі, ды яшчэ сам сябе запрасіў ў прэм'еры.

Афіцыйная прэса, якая ўпарта не зважала на словы Пуціна, калі той гаварыў, што перапісваць Канстытуцыю пад аднаго чалавека непрыгожа, цяпер з задавальненнем цытавала гэтыя словы, пабачыўшы, што за імі стаіць.

"Пуцін Усемагутны-2" - абвяшчае загаловак БЕЛТА. "Каронны нумар", -- дадае "Советская Белоруссия". Сэнс каментароў просты - наш прэзідэнт больш сумленны, ён узяў і памяняў пад сябе Канстытуцыю! А гэты…. "З манархічнай ідэі, спрадвеку вельмі папулярнай у Расіі, былі знятыя ўсе табу", -- піша БЕЛТА.

А "Советскую Белоруссию” вельмі ўразіла ткачыха з Іванаўскай вобласці, якая з трыбуны прасіла Пуціна застацца на трэці тэрмін. "Больш за ўсё мяне ў гэтым павольным і ўрачыстым, як у японскім тэатры ценяў, дзействе, уразіла ткачыха 5-га разрада… На 8-м з'ездзе партыі гэтая дэлегатка абвясціла новую эру ў расійскай палітыцы….. Дзесьці мы гэта ўжо чулі?", - іранізуе СБ.

Але чулі і сапраўды… Даяркі і ткачыхі - улюбёныя персанажы прэзідэнтаў, вельмі блізкія да народа. Чытаем тую ж СБ, сакавіцкі нумар 2004 года, артыкул аб Трэцім Усебеларускім схлдзе. На трыбуне Наталля Гарлякова, даярка, маці шасцярых дзяцей:

"Я пад уражаннем ад слоў прэзідэнта. Усе праблемы закранутыя. Мы адчуваем падтрымку, якую дзяржава аказвае вёсцы. Яшчэ пяць гадоў таму нашай ферме было вельмі цяжка. Нават кармоў бракавала. Проста рукі апускаліся. А потым нам даслалі маладога спецыяліста з вышэйшай адукацыяй. Паступова пагалоўе павялічылася. Спадзяемся, што нам працаваць стане лягчэй, што больш будзем зарабляць. Увогуле, з аптымізмам глядзім у будучыню".

Дарэчы, пра трэці тэрмін Лукашэнка таксама прасіў народ. Спачатку студэнты Беларускага эканамічнага Універсітэта пацікавіліся ў кіраўніка дзяржавы, ці будзе такое? "Прымаю вашыя апладысменты за ўхваленне, таму абавязкова буду", - адказаў Лукашэнка.

Затым простыя жыхары Жыткавічаў сустрэлі прэзідэнта на вуліцы і "прапанавалі" яму рэферэндум аб трэцім тэрміне. "Калі будзе нармалёвая сітуацыя, і я буду бачыць, што народ трывае Лукашэнку… У народа павінна быць права выбару", -- не выключыў кіраўнік дзяржавы. Хтосьці з натоўпу крыкнуў, што жадаў бы бачыць Лукашэнку пажыццёвым прэзідэнтам. Але гэта ўжо лішняе: "Нішто не павінна быць пажыццёвым".

Пуцін таксама адмовіўся ад трэцяга тэрміна, нягледзячы на ўгаворы ткачыхі. Але застаецца ва ўладзе, і краіна застаецца "пуцінскай". І ў гэтым БЕЛТА ўбачыла вялікі падман. Таму што рэферэндум аб трэцім тэрміне, быў бы больш сумленным:

"Нават народ адыходзіць на другі план - так бяспечней: ці мала, сёння дэмас любіць свайго кіраўніка, а заўтра можа і прэтэнзіі прад'явіць. Народ крок за крокам адыходзіць ад прамога кантролю над рэальнай палітыкай".

Наогул, калі ва ўсіх гэтых артыкулах замяніць слова Расія на Беларусь, а Пуціна на Лукашэнку, атрымоўваецца, што прэса высекла саму сябе ж.

"Прынамсі, за пераемнасць расійскай улады цяпер ужо сапраўды можна не хвалявацца", - разгледзела штосьці добрае ў расійскіх падзеях іранічная БЕЛТА. Супакоілі!? Але такая пераемнасць, па версіі недзяржаўнай прэсы, наадварот павінна хваляваць афіцыйны Мінск.

Вельмі няпростыя сёння адносіны ў Мінска з Масквой. У кагосьці напэўна была надзея, што Лукашэнка проста перасядзіць Пуціна, і пачне гульню з новымі людзьмі ў расійскай палітэліце з чыстага аркушу паперы. Усе надзеі сарвала ткачыха 5-га разрада з Іванаўскай вобласці…

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі