Дзяржкантроль праверыць, ці законна ўсталёўвалі рэкламу ля “Чыжоўка-арэны”
Як высветліла Еўрарадыё, апоры пад рэкламу у Мінску перад чэмпіянатам свету ставілі за грошы, у чатыры разы большыя, чым у Маскве.
У красавіку на Еўрарадыё выйшла журналісцкае расследаванне наконт ўсталявання “залатых” апор пад рэкламу каля “Чыжоўка-арэны”.
Тады высветлілася, што прадпрыемства “Мінскрэклама” плаціла падрадчыку каля 45 мільёнаў рублёў толькі за ўстаноўку аднаго металічнага слупа. Калі з мэтамі параўнання мы звярнуліся ў маскоўскую кампанію, там за мантаж адной такой апоры над такой жа шашой папрасілі ў чатыры разы меншую аплату.
Расследаванне: Як закапваюць грошы ў зямлю ля "Чыжоўка-арэны"
У “Мінскрэкламе” Еўрарадыё патлумачылі, што мантаж апоры пад рэкламу выходзіць так дорага “з-за ветравых нагрузак”. А кампетэнтныя асобы з арганізацыі-падрадчыка (Спецыялізаванага будупраўлення №4, якое функцыянуе пра Упраўленні дарожна-маставога будаўніцтва і добраўпарадкавання Мінгарвыканкама) увогуле адмовіліся каментаваць для Еўрарадыё такі высокі кошт мантажу.
Імгненнай рэакцыі на тое расследаванне не здарылася. Таму Еўрарадыё само звярнулася ў міліцыю і Камітэт дзяржаўнага кантролю Беларусі.
“Размешчаныя на вышэйназваным рэсурсе (на сайце euroradio.fm, ― заўв. Рэд.) публікацыі не з’яўляюцца абавязковымі для разгледжання і прыняцця адпаведных мер дзяржаўнымі органамі, ― паведамляюць Еўрарадыё ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Беларусі. ― Інфармацыя, згаданая ў матэрыяле, прынятая да ведама кампетэнтнымі службамі міліцыі і можа выкарыстоўвацца ў аператыўна-службовай дзейнасці”.
А вось з КДК Еўрарадыё атрымала звесткі, што па пытанні коштаў на ўсталяванне апор ля “Чыжоўка-арэны” запланавана праверка арганізацыі, якая выконвала “залатыя” працы.
“Камітэтам дзяржкантролю вывучаецца сітуацыя , звязаная з абгрунтаваннем фармавання коштаў мантажу апор пад расцяжку у раёне “Чыжоўка-Арэны”, ― паведамляюць у адказе за подпісам намесніка старшыні КДК Раісы Саўрыцкай.
Еўрарадыё будзе сачыць за развіццём гэтай скандальнай гісторыі.
23-га траўня. Адна з канструкцый ля "Чыжоўка-арэны" ўвогуле не задзейнічана
Канструкцыя на скрыжаванні Машынабудаўнікоў і Кабушкіна. Гэта невялікае рэкламнае палотнішча, паводле "Мінскрэкламы", і спрыяе магутным "ветравым нагрузкам"