Дзяўчынка, якую 4 дні шукалі ў Гродзенскай вобласці, загінула

Арыентыроўка ПВА "Анёл" на Лізавету Дзям'яненка
Арыентыроўка ПВА "Анёл" на Лізавету Дзям'яненка

Пошукава-выратавальны атрад "Анёл" паведамляе, што пошукі 12-гадовай Лізаветы Дзям'яненка з Дзятлава скончыліся. Дзяўчынку знайшлі загінулай.

Пра тое, што дзіця знікла, стала вядома раніцай 14 чэрвеня. У гэты дзень у міліцыю звярнулася выхавацелька сацыяльна-педагагічнага цэнтра, адкуль напярэдадні каля 19:00 сыйшла дзяўчынка. Міліцыя размясціла арыенціроўку. Да пошукаў далучыліся работнікі МНС і іншых службаў.

Дзяўчынку шукалі ў лесе каля вёскі Погіры Дзятлаўскага раёна.

Лізавета часова жыла ў прытулку таму, што яе прыёмная маці паехала ў Гродна на курсы павышэння кваліфікацыі прыёмных бацькоў. Біялагічныя маці і бацька Лізаветы былі пазбаўленыя бацькоўскіх правоў.

Пры якіх абставінах Лізавета загінула і дзе менавіта знайшлі цела, у пошукавым атрадзе не паведамляюць. У пошуках, якія працягваліся тры дні, бралі ўдзел добраахвотнікі ПВА "Анёл" з Брэсцкага рэгіёна, 6 кіналагічных разлікаў ПВА "Анёл" з Мінска і Мінскай вобласці, супрацоўнікі міліцыі і МНС, мясцовыя жыхары, кіналагічны разлік ПВА "Паўднёвы захад".

Атрад выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім Лізаветы. Еўрарадыё далучаецца да спачуванняў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі