ЕГУ выбірае новага рэктара: ці ёсць кандыдаты-беларусы і што яны прапануюць

ЕГУ выбірае новага рэктара: ці ёсць кандыдаты-беларусы і што яны прапануюць

У Еўрапейскім гуманітарным універсітэце праходзяць выбары рэктара. Сказаць, што кіраўнік ЕГУ зменіцца, пакуль нельга, бо на пасаду прэтэндуе і цяперашні рэктар, прафесар Сяргей Ігнатаў. Яго кантракт з універсітэтам сканчаецца ў канцы лютага 2023 года. Па логіцы рэчаў, да гэтага часу мусіць высветліцца імя новага рэктара.

Працэдура выбараў даволі закрытая. Невядома нават, колькі людзей прэтэндуюць на рэктарскае крэсла. Прэсс-служба ЕГУ па запыце Еўрарадыё таксама не назвала лічбу прэтэндэнтаў. Ад сваіх крыніц Еўрарадыё ведае, што іх 5 ці 6 чалавек. Акрамя Ігнатава, сярод іх гісторык і этнограф, выкладчык ЕГУ Павел Церашковіч і выкладчыца Дэпартамента гуманітарных навук і мастацтваў ЕГУ Ірына Раманава.

У эфіры Еўрарадыё Павел Церашковіч распавёў, што першае, што ён зробіць, калі зойме пасаду рэктара ЕГУ, — скароціць уласны заробак. А таксама пра тое, што Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт нават фармальна ўжо не беларускі, а мусіць стаць “еўрапейскім для Беларусі і беларусім для Еўропы і свету”.

Самае галоўнае — я хацеў бы, каб універсітэт быў устойлівы. Для гэтага ў яго павінна быць некалькі кропак апоры. Цяпер асноўная кропка апоры — гэта падрыхтоўка студэнтаў. І ў самой місіі ўніверсітэта напісана, што гэта студэнтацэнтрычны ўніверсітэт. Але 200 гадоў таму Вільгельм Гумбальт, які заснаваў Берлінскі ўніверсітэт, засведчыў, што падмурак універсітэтскай адукацыі — гэта сінтэз выкладання і навуковых даследаванняў.

З навуковымі даследаваннямі пытанні ёсць вельмі сур’езныя. Зразумела, узнікае пытанне, што выкладчыкаў там не так шмат. Дзе ўзяць дадатковых навукоўцаў? Я лічу, што ў ЕГУ ёсць маральны абавязак стаць прытулкам для прафесуры, дацэнтаў, навукоўцаў, якія пазбавіліся працы [у Беларусі. — Еўрарадыё].

Даследаванні дапамогуць зрабіць ЕГУ цэнтрам навуковай думкі, а Беларусь больш заўважнай ў сусветным экспертным полі, лічыць Церашковіч.

Універсітэт збольшага павінен стаць даследчым. І я прапаную новы слоган: “ЕГУ — еўрапейскі для Беларусі, беларускі для Еўропы і для свету”.

Але дзе ўзяць рэсурсы на новых супрацоўнікаў? Суразмоўца прапануе пашырацца за кошт працы тых, хто быў вымушаны з’ехаць з Беларусі, але не прымаць іх адразу на стаўку. Такі крок дапаможа і ўніверсітэту, і людзям атрымаць мінімальную падтрымку і сувязь з вядомай установай адукацыі.

Каб гэтыя людзі маглі далей шукаць фонды, стыпендыі, гранты і гэтак далей.
 

“Супрацы з грамадзянскай супольнасцю ў ЕГУ не хапае”

У кіраванні ўніверсітэтам ёсць хібы, лічыць Церашковіч.

ЕГУ лічыцца донарамі як частка нашай грамадскай супольнасці. І значная частка сродкаў, якая прызначаная для яе, ідзе менавіта на ўніверсітэт. Але супрацы з грамадзянскай супольнасцю ў ЕГУ не хапае. Таму павінна быць створана дадатковая назіральная рада з прадстаўнікоў нашых грамадзкіх арганізацый, якія б уплывалі на стратэгію развіцця ўніверсітэта.

У кіроўнай радзе няма прадстаўнікоў студэнтаў і прафесуры. Гэта абсалютна ненармальна для ўніверсітэта, які называе сябе еўрапейскім.

Ёсць у Паўла Церашковіча і планы на першы загад:

Ён будзе аб скарачэнні заробка рэктара. Калі я стану рэктарам, я скарачу сабе заробак і ўвяду тры дадатковыя стаўкі дацэнта [сайт ЕГУ піша, што рэктару прапануюць 8,5 тысяч еўра “бруднымі”. — Еўрарадыё]. У гэтым няма ніякага папулізма. Гэта форма ўдзячнасці тым людзям, якія паўгады маёй эміграцыі мне дапамагалі. Калі ў мяне з’явіцца магчымасць, я буду дапамагаць другім людзям, — падводзіць рысу суразмоўнік.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі