"Курыца без галавы": беларусы патрабуюць празрыстых выбараў рэктара ЕГУ

Студэнты / DELFI
Студэнты / DELFI

Студэнты, выкладчыкі і іншыя прадстаўнікі акадэмічнай супольнасці патрабуюць празрыстасці правядзення выбараў новага рэктара ЕГУ. Конкурс быў абвешчаны 26 траўня 2022 года, але адкрытых звестак аб колькасці кандыдатаў, іх праграмах і тэрмінах галасавання, так і не з'явілася.

Між тым замежныя донары працягваюць разглядаць ЕГУ не толькі як найважнейшы хаб для работнікаў і навучэнцаў, але і для адукацыйных ініцыятыў грамадзянскай супольнасці ў цэлым. Іншымі словамі, універсітэт становіцца не столькі акадэмічнай установай, колькі агрэгатарам і размеркавальнікам рэсурсаў, але што там адбываецца зразумела не ўсім.

Чаму выбары не празрыстыя і ці можна нешта зрабіць, каб яны прайшлі па правілах?

“Курица без головы”: белорусы требуют прозрачных выборов ректора ЕГУ

"Для мяне гэта асабліва важная тэма, таму што я працаваў у ЕГУ з 1998-га па 2014-ы год, і трымаць дыстанцыю цяпер цяжка, — расказвае эксперт у сферы навукі, адукацыі і інавацый Андрэй Лаўрухін падчас круглага стала “Выбары рэктара ЕГУ: path dependence або новы пачатак?" — Я ведаю ЕГУ знутры. Яго гісторыя і імідж — гэта вельмі важна. З апошнім ёсць праблемы".


Праблемы ў ЕГУ наспявалі даўно

"Ідэя Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта нарадзілася на сустрэчы акадэміка Анатоля Міхайлава і Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта", напісана на сайце навучальнай установы. Яны фігуруюць там удваіх, але па словах Лаўрухіна, многія супрацоўнікі і студэнты памятаюць, што на самай справе да заснавання ўніверсітэта мелі дачыненне чатыры чалавекі.

"Акрамя названых, гэта першы прарэктар ЕГУ Уладзімір Дунаеў, уклад якога ў развіццё ўніверсітэта наогул цяжка ацаніць, і, на жаль, ужо нябожчык дацэнт Валерый Залатар — вялікі інтэлектуал і дысідэнт яшчэ з савецкага перыяду. У 2008-м годзе Дунаеў быў звольнены, аб прычынах нам так і не паведамілі.

Такім чынам, з чатырох прозвішчаў заснавальнікаў мы бачым толькі два. Гісторыя перапісваецца... На жаль, гэта такі сімптом у Беларусі, дзе выкрэсліваюцца ўсе іншадумцы і непажаданыя — тыя, каму нешта не падабалася, хто апынуўся ў нейкай ступені непрыемным для ўлады. У ЕГУ адбываецца нешта аналагічнае".


Змены не ў лепшы бок

Каб зразумець, што адбываецца ў ЕГУ сёння, важна звярнуць увагу на тое, як трансфармавалася навучальная ўстанова пасля пераезду ў Вільню. Да 2004 года ўніверсітэт працаваў у Мінску, і за гэты час стаў не толькі адным з перадавых прыватных ВНУ, але і склаў канкурэнцыю па шэрагу дысцыплін (філасофія, паліталогія, псіхалогія, юрыдычныя навукі) вядучаму ВНУ краіны БДУ.

Вось, што ўспамінае Андрэй Лаўрухін:

"З вуснаў Лукашэнкі прагучала: "Калі ў ЕГУ рыхтуюць эліты, то хто тады мы?" Рытарычнае пытанне і адначасова прызнанне таго факту, што ЕГУ стаў не толькі канкурэнтаздольным, але нават пачаў уплываць на фарміраванне, напэўна, палітычных элітаў. ЕГУ рэгулярна фігураваў у рэйтынгах першых ВНУ — не толькі прыватных, як цяпер у Літве, але і дзяржаўных.

Што ж здарылася пасля пераезду ЕГУ ў Вільню? Пройдземся па сухой статыстыцы. З васьмі факультэтаў, або дэпартаментаў, якія працавалі ў Мінску, у 2005-м засталося ўсяго пяць. Тады гэта было зразумела: не ўсе пагадзіліся і змаглі з'ехаць. Але цяпер іх засталося ўсяго два. Колькасць студэнтаў скарацілася таксама амаль у двая. У 2005-м, нягледзячы на цяжкія ўмовы пераезду, у ЕГУ засталіся вучыцца больш за 2000 студэнтаў на вочнай і дыстанцыйнай форме навучання. У 2013 годзе — 1600, а цяпер ЕГУ пахваліўся колькасцю ў 1197 студэнтаў. І гэта вельмі шмат! Яшчэ нядаўна іх было менш за тысячу.

Таксама ў ЕГУ стала амаль удвая менш выкладчыкаў. У 2019-2020 гадах іх было 42. Гэта адзіная інфармацыя, якая ёсць у адкрытым доступе. Даведацца, колькі чалавек працуе сёньня ў адміністрацыі ЕГУ, мне не ўдалося".

“Курица без головы”: белорусы требуют прозрачных выборов ректора ЕГУ
У ЕГУ / svaboda.org

Грамадзянская супольнасць выключаная

Калі для студэнтаў ЕГУ пазіцыянуецца як студэнтацэнтрысцкі ўніверсітэт [з чым згаджаюцца далёка не ўсе студэнты. — заўв. Еўрарадыё], то для розных міжнародных донараў і грамадзянскіх арганізацый ЕГУ доўгія гады пазіцыянуецца як найважнейшы элемент развіцця грамадзянскай супольнасці Беларусі. Пра гэта кажа Яраслаў Бекіш — кіраўнік савета міжнароднага кансорцыума "ЕўраБеларусь", сузаснавальнік таварыства "Зялёная сетка".

“Курица без головы”: белорусы требуют прозрачных выборов ректора ЕГУ

“І калі я такое чую, то гляджу на сітуацыю з пункту гледжання бізнес-працэсаў і менеджменту, імпакту, уплыву і грошай. Наколькі ўніверсітэт адпавядае заяве, што ён з'яўляецца кузняй кадраў для грамадзянскай супольнасці і найважнейшым элементам грамадзянскай адукацыі? Аб'ектыўна даць на гэта адказ не можа ніхто, але мы можам пачуць шмат суб'ектыўных версій.

Мая версія наступная: ужо вельмі даўно ў кіраўнічых органах ЕГУ, не улічваючы студэнцкіх утварэнняў, няма прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. Я казаў пра гэта і раней. Ёсць спробы імітацыі... А таксама няма сістэмы камунікацыі — механізмаў для нейкай сінхранізацыі з грамадзянскай супольнасцю не прадугледжана дагэтуль. Гэта аб'ектыўны факт.

З пункту гледжання бізнес-працэсаў мне складана судзіць ЕГУ. Я магу казаць толькі на падставе таго, што чую сёння, бо не бачу празрыстасці. Найбольш яркім прыкладам непразрыстасці з'яўляецца цяперашняя зацягнутая працэдура выбару новага рэктара. Магу дакладна сказаць, што грамадзянская супольнасць цалкам выключаная з гэтага працэсу".


Чаму працягваецца фінансаванне ЕГУ

Паводле Яраслава Бекіша, ЕГУ атрымлівае фінансаванне не як акадэмічная структура, а ў рамках праграм, накіраваных непасрэдна на развіццё дэмакратыі і грамадзянскай супольнасці.

“Я з'яўляюся дастаткова паслядоўным крытыкам архітэктуры гэтых праграм. Некалькі разоў на розных узроўнях, у тым ліку ў зносінах з прадстаўнікамі Еўракамісіі, мне ўдавалася абмеркаваць, як ажыццяўляецца і чаму працягвае ажыццяўляцца падтрымка універсітэта, які не праходзіў глыбокай ацэнкі на прадмет яго ўкладу ў развіццё грамадзянскай супольнасці ўжо вельмі шмат гадоў.

На ўзроўні прыватных размоў у мяне склалася ўражанне, што самы аб'ектыўны адказ гучыць так: “Мы не можам спыніць фінансаванне ЕГУ і некаторых іншых праектаў, таму што мы ўжо ўклалі ў яго занадта шмат намаганняў. Таму што гэта брэнд. І таму што мы не можам растлумачыць падаткаплацельшчыкам розных краін, што ўсе гэтыя гады мы фінансавалі нешта не тое". Такім чынам мы бачым класічную эканамічную пастку: ты працягваеш фінансаваць тое, што не прыносіць належнага плёну, проста таму што ўклаў у гэта шмат грошай.

“Курица без головы”: белорусы требуют прозрачных выборов ректора ЕГУ
ЕГУ у чаканні выбараў / ehu.lt

P.S. сваю кандыдатуру на пасаду рэктара ЕГУ выставіў эксперт Грамадзянскага Балонскага Камітэта Павел Церашковіч. Паводле прадстаўніцы Святланы Ціханоўскай па адукацыі Вольгі Шпарага, група падтрымкі кандыдата не пакідае надзеі, што ЕГУ яшчэ можа служыць інтарэсам беларусаў, у тым ліку тых, хто ў 2020 годзе, рызыкуючы здароўем і жыццём, выходзілі на вуліцы, былі вымушаныя з'ехаць або трапіць за краты.

Група падтрымкі Церашковіча заклікае арганізатараў выбараў да выканання абавязацельстваў па публічнасці, адкрытасці і транспарэнтнасці працэсу конкурсу, а таксама звяртаецца да іншых прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасці з просьбай аказаць падтрымку тым кандыдатам, якія прапануюць праграмы рэфармавання ЕГУ.

Еўрарадыё будзе сачыць за развіццём падзей і звернецца да адміністрацыі ВНУ па дадатковую інфармацыю аб тэрмінах галасавання, кандыдатах на месца рэктара і іх праграмах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі