Экалагічны пікет супраць "хімічнага Чарнобыля" прайшоў у Магілёве
У цэнтры Магілёва 25 кастрычніка прайшоў экалагічны пікет супраць прадпрыемстваў у свабоднай эканамічнай зоне. Зладзілі яго сябры Аб'яднанай грамадзянскай партыі ў рамках парламенцкай кампаніі свайго магілёўскага кандыдата Таццяны Сівачэнкі, піша mspring.online.
Удзел у акцыі ўзялі старшыня абласной арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў, палітык Максім Жарноўскі, актывіст Аляксандр Шаўцоў і кандыдатка ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Таццяна Сівачэнка. Пікет адбыўся на пешаходнай вуліцы Ленінскай. Апазіцыянер патрабавалі "спыніць хімічны Чарнобыль" і перанесці прадпрыемствы са свабоднай эканамічнай зоны "Магілёў" у Дразды — да рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі.
Таццяна Сівачэнка заяўляе, што ў сваёй праграме шмат увагі надае праблемаам экалогіі. "У свабоднай эканамічнай зоне “Магілёў” у нас мноства прадпрыемстваў. Яшчэ збіраюцца адкрываць “Омск Карбон”. Гэта стала апошняй кропляй. Мы ўжо нават не называем яе эканамічнай свабоднай зонай, гэтая зона — хімічная", — кажа кандыдатка.
На думку Уладзіміра Шанцава, у СЭЗ “Магілёў” размешчаныя толькі шкодныя прадпрыемствы: "Двум знаёмым маім рабілі аперацыі па анкалогіі. Яны больш за месяц чакалі сваёй чаргі. Не хапае лекараў ужо, каб зрабіць аперацыю тым людзям, у якіх час ідзе на хвіліны. І пасля гэтага гаворыцца пра тое, што ў нас нейкія выкіды скарачаюцца?"
Удзельнікі пікету патрабавалі, каб улады спярша ўсталявалі станцыі маніторынгу выкідаў і толькі потым запускалі заводы.
Як дадае Сівачэнка, першую маніторынгавую станцыю запусцяць у красавіку 2020 года, а "Омск Карбон" — ужо ўвосень 2019-га.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.