Эканаміст: 2011-ы расчараваў упэўненых у міфе пра беларускую эканоміку

“Як жывуць беларусы? Дрэнна жывуць, але ім кажуць, што яны жывуць добра”

111229 ChalyZaikaS.mp3

Еўрарадыё: У наш крызісны час зайсці ў якую-небудзь кавярню з немалымі коштамі немагчыма, бо ўсё забіта. Можа быць, крызіс гэта міф, які выдумалі журналісты?


Чалы: Справа ў тым, што гэта дыягназ нашаму дзелавому клімату. У нармальнай сітуацыі ў нармальнай краіне адкрыць кавярню нескладана. У нас гэта не так. Апошнім часам у Беларусі развіваюцца толькі сеткі. Пра што гэта сведчыць? Яны аднойчы прайшлі бюракратычную эпапею, атрымалі згоды ад усіх інстанцый і далей прасцей адкрыць яшчэ адну такую кавярню, чым пачынаць нешта новае. Гэта вынік нашага бізнэс-клімату. Нармальнаму прадпрымальніку, які мае грошы і жаданне, вельмі цяжка адкрыць кавярню з-за жахлівай складанасці адміністрацыйных працэдур.

Еўрарадыё: Сярэдні заробак нашай краіны па дадзеных Белстата за лістапад склаў у пераліку на валюту 290 долараў. Сярэдні заробак у Польшчы 1100 долараў. І там таннейшыя прадукты. Як і на што жывуць нашыя людзі пры той эканамічнай сітуацыі, якая склалася на канец 2011 года?


Заіка: Давайце вернемся да ацэнкі сітуацыі. Год быў годам расчаравання многіх упэўненых у міфе пра беларускую эканоміку, і тых, хто гэтую эканоміку міфам робіць. Год цяжкага прызнання, што для Беларусі 200-300 долараў — столь для апошніх 20 гадоў. СНД стаў на месцы СССР і за апошнія 20 гадоў усіх дзеянняў пры нашай палітычнай і эканамічнай эліце, якой падабаецца быць у кіраўніцтве, атрыманы такі вынік. Крызісам гэта назваць будзе не зусім правільна. Гэта моцны дысбаланс грашовых параметраў. Гэты дысбаланс даў такі відарыс. Як жывуць беларусы? Дзякуючы  невялікім грошам з боку ААН, у нас праводзіцца абследаванне хатняй гаспадаркі каля 3% беларускіх сем’яў. Яны маюць два мільёны рублеў на чалавека ў месяц. За такія грошы можна і ў рэстаран схадзіць і зрабіць выгляд забяспечанай сям’і. Яшчэ ёсць беларусы, якія працуюць у галінах з высокімі заробкамі. У беларускай статыстыцы гэта называецца дзейнасць звязаная з вылічальнай тэхнікай. Там заробкі сягаюць 7 мільёнаў рублёў. Як жывуць беларусы? Дрэнна жывуць, але ім кажуць, што яны жывуць добра. Гэта і ёсць сённяшняя праўда.

Еўрарадыё: Вы кажаце два мільёны на месяц. Наш нядаўні агляд пакупак беларусаў кажа, што два мільёны гэта сума на святочны стол.


Заіка: Не праблема. Чыноўнікі жывуць так сама як журналісты — бедна і абмежавана. Для міністраў, дырэктараў прадпрыемстваў - нармальна мець высокія заробкі, але гэта не паказальна. Калі мы вернемся да таго, што называецца грамадствам, то сапраўды даходы будуць ніжэйшымі.

“Усведамленне таго, што жыць, як раней, ужо немагчыма, ва ўладзе ўжо ёсць”

111229 ChalyZaika2S.mp3

Еўрарадыё: На апошняй прэс-канферэнцыі Лукашэнка казаў шмат, што Беларусь прайшла цяжкі год і будзе цяпер жыць па сродках і нават красамоўна акрэсліў, што ў наступным годзе, калі і будзе падвышэнне, то толькі зарплаты, а не “зряплаты”. Каб больш зарабляць больш працаваць. Аднак складаецца ўражанне, што беларусы працуюць і не іхняя віна ў тым, што прадпрыемства не ў стане зарабіць грошай. Чаго чакаць у наступным годзе, калі казаць пра заробкі людзей і эфектыўнасць эканомікі?


Чалы: Малыя даходы - не віна беларусаў. Гэта праблема арганізацыі вытворчасці і эфектыўнасці эканомікі ўвогуле. Галоўны вынік 2011 года — мы пераканаліся, што “кароль голы”, што ілюзія заробкаў у 500 долараў — гэта вонкавыя спецэфекты і наша эканоміка працуе так, што гэтыя 200-300 долараў сярэдняй зарплаты - гэта і ёсць усе, што яна здольна даваць. І ў гэтым плане мы нікуды не парушыліся з 2002 года, калі ўсталявалася такая зарплата. Гэта не віна працаўнікоў, гэта праблема кіраўнікоў эканомікі, тых хто стварыў такую структуру, калі работнік не стварае каштоўнасць, а знішчае кошт.

Што будзе далей? Здарылася самае галощнае — мы перайшлі ад фіксаванага да плаваючага курса валют. І цяпер мы не можам ствараць ілюзію забяспечанасці нават на кароткі час. Раней мы маглі некалькі гадоў рабіць выгляд, што зарабляем больш, чым напрацоўваем (пасля гэта ўсе адно заканчвалася дэвальвацыяй),  цяпер гэта немагчыма па азначэнні. Ніякіх крыніц павышэння даходу насельніцтва сёння няма. А адзіны спосаб, які можа павысіць даходы, — структурная перабудова эканомікі і спроба стварэння эканомікі, якая будзе ствараць, а не знішчаць, якая не будзе забіраць грошы ў высокавытворчых прадпрыемстваў і траціць на нейкія нацыянальныя праекты, а будзе працаваць як нармальная эканоміка. Але на гэта надзеі мала.

Еўрарадыё: Што рабіць, каб Беларусь выйшла з той цяжкай эканамічнай сітуацыі, у якой яна апынулася зараз?


Заіка: Па-першае, у Беларусі існуе нейкая прапагандысцкая эканоміка, а па-другое, ёсць нешта вонкавае, што падсілкоўваецца нізкімі тарыфамі на газ ці продажам нафты па нізкіх коштах. Напрыклад, атрымалі ад Расіі нафту і на мільярд долараў прадалі Германіі. Я думаю, усё будзе праходзіць па той жа схеме. То бок ад раніцы да вечару будзе гаварыцца пра дзеянні ўрада, будуць паказваць па тэлебачанні зусім стомленага Мясніковіча, Аляксандр Рыгоравіч будзе лаяцца на губернатараў і гэтак далей. З пункту гледжання эканамічнай палітыкі, нічога, акрамя кантактаў з Расіяй, атрымання адтуль усёй неабходнай эканамічнай дапамогі, не робіцца і не прадугледжваецца рабіць.

Еўрарадыё: Спадар Сяргей, як вы лічыце, атрымаецца ў нас пражыць на гэтай расійскай дапамозе?


Чалы: Я не згодны з тым, што нічога не робіцца. Робіцца досыць шмат. Пры тым, што ўлада па-ранейшаму называе нашую эканоміку сацыяльнай, зараз уся гэтая беларуская мадэль пайшла ў разнос. У гэтым годзе павінны былі пабудаваць 7,5 мільёнаў метраў квадратных жылля, на наступны плануецца 4.2 млн. Бачыце, якое сур’ёзнае скарачэнне? Пры гэтым адбылося узмацненне жорсткасці правілаў атрымання ільготнага крэдытавання. Скарочана ў тры разы інвестыцыйная праграма на 2012 год. Калі б пазбіраць усе заяўкі ад міністэрстваў, ведамстваў і прадпрыемстваў, то было б неабходна 36 трыльёнаў рублёў дзяржаўных субсідыяў, а так толькі 12 трыльёнаў было зацверджана. Таму, як мне здаецца, усведамленне таго, што жыць, як раней, ужо немагчыма, ва ўладзе ўжо ёсць, і зараз стаіць задача, як знайсці баланс паміж словамі і справамі.

Еўрарадыё: Мы назіраем, што нават гэтыя кволыя, асцярожныя рэфармістскія зрухі ўнутры нашага ўраду сустракаюцца з непаразуменнем у адміністрацыі прэзідэнта ды і ў самім урадзе. Яны нават паміж сабой не дамовіліся, як гэта рабіць, не кажучы ўжо пра тое, каб праводзіць гэта супольна ў жыццё.


Чалы:  У гэтым сэнсе 2011 год унікальны. І прэзідэнту, і яго дарадчыкам, і прэзідэнцкай адміністрацыі эканамічны блок Нацбанка сказаў: “Прабачце, рабяты, але вашыя “пажадалкі” — гэта вашыя “пажадалкі”. Насамарэч, ёсць толькі тое, што можа дазволіць сабе эканоміка. Інакш мы атрымаем той жа крызіс, які мы мелі ў 2011 годзе. І тыя планы, што прынятыя на 2012 год, пакуль што ўяўляюць з сябе гэткі дзіўны сімбіёз. З аднаго боку, манетарны блок адданы на адкуп групе Мясніковіча-Румаса, а рэальны сектар адданы на адкуп тым эканамістам, якія ведаюць эканоміку па падручніках эканомікі капіталізму і навуковага камунізму. Таму я спадзяюся, што першая частка - фінансавыя параметры, - будуць выкананыя, таму што іх пісалі і будуць выконваць людзі, якія ведаюць, як гэта зрабіць, а другая частка  не будзе выкананая. Таму што яна супярэчыць першай.

Еўрарадыё: Спадар Леанід, а што вы думаеце на гэты конт?


Заіка: На сёння ва ўрадзе існуе нейкае такое зборышча людзей — інжынеры, аграномы, юрысты, якія думаюць, што яны нешта разумеюць у эканамічнай тэорыі, у эканамічнай палітыцы. І яны робяць роўна так, як умеюць. Калі вы гаворыце пра нейкую некангруэнтнасць Ткачова і Румаса, то я ўвогуле не бачу праблем. Яны проста выясняюць паміж сабой, што яны памятаюць з канспектаў па палітэканоміі — адзін з канспектаў па палітэканоміі капіталізма, а другі — з канспектаў, напрыклад, па фінансавай гаспадарцы. На жаль, у беларускай палітычнай і эканамічнай эліце існуе відавочна выяўлены непрафесіяналізм, які раней ратавала больш менш нармальная эканоміка, якая засталася з савецкіх часоў. Але гэты “сацыялістычны лімон” увесь ужо выдавілі і далей пачынаюцца такія падскокі, як бы нам нешта там атрымаць з Расіі. Але пры такім падыходзе я не бачу выхаду з гэтай спіралі…

   

 

“Калі будзе дрэнна з доларам, з еўра, то будзе добра з кітайскім юанем” 

 

111229 ChalyZaika3S.mp3


Еўрарадыё: Як рэцэсія ў Еўропе, якую прагназуюць эканамісты, адаб’ецца на сітуацыі ў Беларусі?


Заіка: Што да сусветнай эканомікі — мы маем дачыненне з эканамічным тупіком, што характарызуе ўсю канфігурацыю сусветнай эканомікі, дачыненне з дастаткова знявечанымі фінансавымі рынкамі, знявечанымі праз тыя плыні, праз тую мадэль, якая стваралася апошнім часам. Гэта нават не крызіс, гэта неабходнасць дэфрагментацыі тых прынцыпаў, на якіх будаваліся ўяўленні пра сучасныя спосабы эканамічнага функцыянавання ў ЗША, Еўрасаюзе — хай яны разбіраюцца самі. Найгоршае ж тое, што з гэтага будуць горшыя грошы — і еўра, і долары. Гэта можа нам пагражаць.

Цяпер — што да Беларусі. У нас высокая ступень арыентаванасці эканомікі: мы залежым ад экспарту, ад продажу (40% нафтапрадуктаў мы прадавалі ў Еўрасаюз). Мы прадаем тыя тавары, якія з’яўляюцца сыравінаю, ці энергетычнымі таварамі — яны па-за канкурэнцыяй. Што ж да разлікаў — ёсць Мытны саюз, створаны міжнародны цэнтр, можна перагрупіраваць фінансавыя струмяні. Наступнае тое, што калі будзе дрэнна з доларам, з еўра, то будзе добра з кітайскім юанем. Мы можам злавіць новую аказію, калі ўбачым, што трэба арыентавацца на нейкія новыя парадыгмы. Рынкі змогуць працаваць, але працаваць паводле іншай сістэмы. З іншага боку, другая частка гэтай з’явы — гэта не крызіс. Юрыст Абама і юрыст Мядзведзеў — яны баяцца таго, каб зрабіць рэальныя рэчы ў эканоміцы. Яны абмяркоўваюць пытанні дастаткова прымітыўныя. Гэтыя “абмеркаванкі” не выклікаюць захаплення. Што ж тычыцца Беларусі — я думаю, што з 200 долараў зарплаты мы наўрад ці спадзем да 20 долараў.

Еўрарадыё: Калі мы не завязаныя на сусветнай эканоміцы мы ж вельмі завязаныя на Расеі. Калі рэцэсія адбудзецца, яна закране і Расію. Ці закране тады гэта і нас?


Чалы: А як жа! Трэба ўспомніць досвед 2009 года, калі фінансавы крызіс перакінуўся на рэальны сектар, наш экспарт у развітыя краіны ўпаў з 20% да 30%. Гэта сур’ёзны шок, бо наш экспарт вельмі не сканцэнтраваны ў дачыненні да тавараў блізкіх да сыравінных. А раз цяперашні крызіс дыферэнцыяваны, звязаны з падзеннем цэн на базавыя тавары — мы якраз не далічымся гэтых экспартных даходаў.

Заіка: Я б хацеў сказаць, што гэты год быў вельмі цікавы ў сэнсе таго, што мы вярнуліся на “цвёрдую зямлю” пасля сваіх летуценняў, але гэтая зямля аказалася вельмі непрывабнаю. І пакуль нашая афіцыйная рэторыка не адпавядае рэчаіснасці. Але я думаю, што ад 2012 года адбудзецца паступовае дапасоўванне словаў да справы. Гэта адбудзецца незалежна ад нейкіх там дарадцаў-ідэолагаў ва ўладзе, а проста мы прызнаем, што там, дзе мы знаходзімся, зусім не рай, а эканоміка вельмі-вельмі неэфектыўная, створаная за апошнія дзесяць год. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі