Эканамісты прапануюць перанесці Беларусь у Іран

Магчыма, такі спосаб здабычы нафты ў Іране будзе самым эфектыўным.
На мінулым тыдні Іран дазволіў Беларусі здабываць нафту ў радовішчы Джафеір. Старшыня прадстаўніцтва “Беларуснафты” ў Іране Міхаіл Жукоўскі ўпэўнены, што распрацоўка пачнецца ў канцы гэтага года.
Праект разлічаны на два гады і будзе праходзіць у два этапы.

Міхаіл Жукоўскі: “Будзе праводзіцца дзвюхстадыйная распрацоўка. На першай стадыі мы будзем здабываць 15 тысяч барэляў за суткі і 25 тысяч – на другой”.

Колькі б нафты мы ні здабывалі ў Іране, куды больш важным з’яўляецца тое, што мы збіраемся з ёй рабіць. Іранскія прадстаўнікі неаднаразова заяўлялі, што Беларусь зможа сама вырашаць – транспартаваць нафту на пераапрацоўку ў Беларусь, прадаваць на сусветным рынку альбо пабудаваць НПЗ у Іране.

На пытанне Еўрарадыё, які з гэтых варыянтаў больш выгадны для Беларусі, Міхаіл Жукоўскі коратка адказаў, што ўсе варыянты магчымыя.

Эканаміст Леанід Заіка лічыць, што найбольш эфектыўны спосаб – гэта прадаваць нафту ў Кітай, а грошы ад яе выдаткоўваць на закупку расійскай нафты:

“Прасцей нафту прадаваць там, карыстаючыся традыцыйнымі выхадамі на поўдзень, і г.д. Можна прадаваць у Кітай, а потым атрыманыя грошы ўкладаць у пакупку расійскай нафты”.

Наконт транспартавання іранскай нафты ў Беларусь, эканаміст кажа, што гэта будзе чыста беларускім рашэннем, больш падобным на анекдот:

“Гэта тое ж самае, што паехаць да цешчы па сала ў Белавежскую пушчу, аддаць 80 тысяч на квіткі туды і назад, прывезці з сабой сала на 6 тысяч, якое прадаецца ў Мінску ў вялікіх колькасцях”.

Цікава тое, што іранскі бок сам зацікаўлены ў тым, каб Беларусь пабудавала на яго тэрыторыі свой НПЗ, таму што ў Іране мала нафтаперапрацоўчых заводаў. Але эканаміст Заіка да такой магчымасці ставіцца вельмі іранічна:

“Можа, нам увогуле купіць частку тэрыторыі Ірана і перанесці туды Беларусь, пераехаць з усім насельніцтвам бліжэй да нафты ды яшчэ два нафтаперапрацоўчыя заводы захапіць? Узяць ды разабраць наваполацкі завод, мазырскі… і паставіць іх у Іране.

Хто будзе купляць гэты бензін ці паліва? Транспартаванне гатовых нафтапрадуктаў выгадная толькі на адлегласці 500 км, не болей”.

Доктар эканамічных навук Васіль Дадалка кажа, што пакуль будаваць НПЗ на іранскай тэрыторыі рана і дадае, што, калі Беларусь будзе прадаваць нафту на адкрытым рынку, сусветныя цэны ад гэтага ніяк не зменяцца:

“Калі Беларусь будзе здабываць 2- 3 альбо 5 мільёнаў тон, гэта ніякім чынам не адаб’ецца на сусветным рынку і цэнавай палітыцы”.

Палітолаг Юры Шаўцоў таксама лічыць, што продаж здабытай нафты на сусветным рынку будзе самым аптымальным варыянтам, тым больш, што кошты на яе на сусветным рынку значна вышэйшыя, чым тыя, па якіх мы набываем нафту ў Расіі:

“Пакуль што прадугледжваецца, што мы яе будзем прадаваць на свабодным рынку, хутчэй за ўсё ў Еўропу, можа ў Кітай, таму што нафты там павінна быць у ідэале недзе 2-4 млн тонаў у год, і гэта не такая вялікая лічба, каб цягнуць тую нафту да нас, у буцінгу напрыклад…”

Але як гэта будзе адбывацца на самой справе, пакуль што ніхто не ведае, заліковых схемаў пакуль няма. Працягвае Юры Шаўцоў:

“Калі мы будзем здабываць 10 млн тонаў нафты па-за межамі Расіі, гэта дазволіць нам аплочваць амаль увесь нафтавы імпарт з Расіі. Але гэта пакуль што хутчэй прапагандысцкі слоган...

Але ў любым разе… Калі мы будзем мець магчымасць здабываць нафту і газ па-за межамі Расіі і прадаваць іх на сусветным рынку – гэта азначае, што прыбытак беларускага знешняга гандлю і прыбытак Беларусі павялічацца. А з вялікага прыбытку можна ўжо будзе і разлічвацца прасцей з расійскімі праграмамі за нафту”.

Ёсць яшчэ адна акалічнасць: здабыча нафты ў Іране звязаная з палітычнай і ваеннай рызыкай. Вельмі вобразна апісвае сітуацыю Леанід Заіка: “Варта ЗША нанесці кропкавыя ўдары па асноўных радовішчах — і ўся беларуская нафта апынецца зноў у зямлі”.

Больш аптымістычна выказваецца палітолаг Юры Шаўцоў. Згодна з яго словамі, мы ў гэтым пытанні не адрозніваемся ад іншых еўрапейскіх краінаў:

“Усе еўрапейскія краіны гандлююць з Іранам. Агульны аб’ём іранскага знешняга гандлю перавышае 40 млрд долараў, і гэта перш за ўсё Еўропа. Таму мы тут выступаем як звычайная еўрапейская краіна, якая проста рызыкуе, знаходзячыся на гэтым рынку.

Але хачу сказаць, што мы, напэўна, адзіная краіна, якой Іран дазволіў здабываць нафту на яго тэрыторыі”.

Фота — naviny.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі