Экс-капітан "Барсы" сярод кандыдатаў на пасаду галоўнага трэнера зборнай РБ
Хасэ Марыя Бакера / gong.bg
Сярод кандыдатаў на пасаду галоўнага трэнера футбольнай зборнай Беларусі — былы капітан "Барселоны" 60-гадовы Хасэ Марыя Бакера, піша "Беларускі Футбол". На сённяшні дзень ён з'яўляецца галоўным трэнерам балгарскай "Славіі".
Бакера правёў у "Барселоне" 9 сезонаў, у 339 сустрэчах забіў 94 галы. У складзе каманды выйграваў Лігу чэмпіёнаў. Пасля заканчэння кар'еры гульца працаваў з юнацкімі і маладзёжнымі камандамі "Барсы". Быў галоўным трэнерам "Рэала" (Сасьедад), польскага "Леха" (у той час у яго складзе выступаў беларус Сяргей Крывец), уваходзіў у трэнерскія штабы "Барселоны", "Валенсіі".
"Трыбуна" ўдакладняе, што Бакера быў у ліку кандыдатаў на пасаду галоўнага трэнера зборнай Беларусі, аднак на дадзены момант гэты варыянт супрацоўніцтва ўжо не разглядаецца.
Пра тое, што Георгій Кандрацьеў сыходзіць з пасады галоўнага трэнера нацыянальнай футбольнай зборнай Беларусі, Беларуская федэрацыя футбола паведаміла 29 чэрвеня. Ён трэніраваў зборную два разы: спачатку ў 2011-2014 гадах, пасля — з лета 2021-га (да таго некалькі месяцаў быў выканаўцам абавязкаў). Пад яго кіраўніцтвам яна заняла перадапошняе месца ў адборы чэмпіянату Еўропы 2020 года, была апошняй у дывізіёне "С" Лігі нацый. У адборы Еўра-2024 беларуская зборная выступае таксама няўдала.
З беларускай зборнай пэўны час паспяхова працаваў нямецкі трэнер Бернд Штанге (2007 — 2011). Пры ім была атрымана легендарная перамога ў гасцях над зборнай Францыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.