Эксперт: Гендырэктара “Уралкалія” затрымалі, ацаніўшы наступствы

Гендырэктара расійскай кампаніі “Уралкалій” затрымалі ў мінскім аэрапорце. У Следчым камітэце гавораць, што расіянін нанёс шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі.

“Гэтая крымінальная справа была распачатая Генеральнай пракуратурай. Прычынай для распачынання справы і затрымання службовай асобы паслужылі матэрыялы аб яўным злоўжыванні ёй службовымі паўнамоцтвамі ў карыслівых мэтах, што пацягнула за сабой прычыненне значнай шкоды грамадскім і нацыянальным інтарэсам Беларусі, а таксама матэрыяльнай шкоды “Белкалію” і Беларускай калійнай кампаніі”, — паведаміў Еўрарадыё прэс-сакратар Следчага камітэта па Мінску Павел Травулька.

У расійскай кампаніі факт затрымання пацвярджаюць, але інфармацыі аб прычынах маюць яшчэ менш, чым беларускія журналісты. Супрацоўніца прэс-службы відавочна хвалюецца падчас размовы — для яе факт затрымання гендырэктара вельмі нечаканы. Праз некалькі гадзін пасля затрымання (яно адбылося ў раёне абеда 26 жніўня) з’яўляецца нечаканая інфармацыя. Аказваецца, Баўмгертнер прыехаў у Мінск на запрашэнне… Міхаіла Мясніковіча. А затрымалі яго ўжо пасля сустрэчы з беларускім прэм’ерам, літаральна на трапе самалёта.

Разлад паміж “Уралкаліем” і “Беларуськаліем” пачаўся ў канцы ліпеня, калі расійская кампанія без узгаднення з беларусамі прыняла рашэнне аб спыненні экспартных паставак праз "Беларускую калійную кампанію". Адзіным каналам збыту прадукцыі стаў "Уралкалій-Трэйдынг". Прычынай разрыву адносін "Уралкалій" назваў парушэнне прынцыпу гандлю праз адзіную сетку. Тады эксперты выказалі меркаванне, што Беларусь будзе вымушаная паскорыць продаж часткі "Беларуськалія". Праваахоўныя органы Беларусі абвінавацілі “Уралкалій” у жаданні перахапіць кантроль над беларускай кампаніяй, а разрыў быў спланаваны загадзя.

Эканаміст Сяргей Чалы мяркуе, што ў Мінску Баўмгертнер сказаў Мясніковічу нешта не тое, чаго хацеў ад яго афіцыйны Мінск.

“Відавочна, што нейкія перамовы былі. І, відаць, па іх выніках ужо прымалася рашэнне, што з ім рабіць... Мера сур'ёзная і не думаю, што на яе рашыліся, не прадумаўшы, якія наступствы будуць. Відавочна, разумелі, што гэта будзе скандал дыпламатычны і міжнародны”.

Паводле інфармацыі, атрыманай са Следчага камітэта, па справе, згодна з якой затрымалі Баўмгертнера, праходзяць таксама сябра назіральнай рады Алег Пятроў, першы намеснік гендырэктара Канстанцін Саладоўнікаў, намеснік гендырэктара па фінансах Ігар Яўстратаў ды іншыя. Яны абвешчаныя ў вышук, у тым ліку па лініі Інтэрпола.

Месцазнаходжанне затрыманага Уладзіслава Баўмгертнера не раскрываецца. Згодна з трэцяй часткай 424 артыкула КК Беларусі, па якім вядзецца справа гендырэктара “Уралкалія”, расіяніну пагражае да дзесяці гадоў пазбаўлення волі.

Фота - vdmsti.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі