Эксперт: Хакей лепш не палітызаваць, а выкарыстаць для пазітыўных зменаў

У гэтыя дні ў Варшаве адбываецца канферэнцыя АБСЕ. Еўрарадыё пагутарыла з адным з яе ўдзельнікаў – амбасадарам па правах чалавека Нідэрландаў Ліянэлем Веерам.

Еўрарадыё: Як амбасадар па правах чалавека чые правы вы абараняеце? Вы абараняеце правы мігрантаў альбо мясцовых жыхароў, грамадзянаў Нідэрландаў? Напрыклад, зараз мы чуем заклікі абараніць галандцаў ад работнікаў з Балгарыі і Румыніі.

Ліянэль Веер: Я працую ў МЗС. Мая галоўная задача – размаўляць з урадамі, НДА, групамі грамадзянскай супольнасці. Але, вядома, мы верым, што калі ты хочаш быць шчырым і заслугоўваць даверу ў галіне правоў чалавека за межамі Нідэрландаў, ты мусіш сачыць за сітуацыяй з правамі чалавека ў сваёй краіне. Мы думаем, што калі я звяртаюся да такіх краін, як Балгарыя і Румынія, яны таксама маюць пытанні да мяне і могуць крытыкаваць Нідэрланды. Але гэта не мая адказнасць, я не працую ў МУС, я працую ў МЗС.

Еўрарадыё: Як вы лічыце, ці існуе агульнае разуменне стандартаў правоў чалавека? Беларускія ўлады часта заяўляюць, што яны ахвяры падвойных стандартаў. Напрыклад, смяротнае пакаранне існуе ў Беларусі і ў ЗША. І Беларусь за гэта крытыкуецца і караецца, у той час як ЗША – не.

Ліянэль Веер: Я наведваю не толькі краіны, у якіх сітуацыя з правамі чалавека ўвогуле дрэнная. Мы таксама звяртаемся да заходніх краін. І калі я быў у ЗША, я таксама гаварыў пра смяротнае пакаранне. І ёсць вельмі важная кампанія, бачная ў тым ліку і ў ЕС, супраць смяротнага пакарання ў ЗША. Я наведваў Ізраіль і размаўляў пра правы чалавека ў гэтай краіне. Гэта няправільна, казаць пра падвойныя стандарты. Мы крытыкуем сяброў, крытыкуем апанентаў, а таксама крытыкуем самі сябе.

Еўрарадыё: Яшчэ адно пытанне пра падвойныя стандарты. Напрыклад, важная тэма ў Еўропе, што ў Беларусі існуюць палітычныя зняволеныя. Але праз некалькі месяцаў у Беларусі будзе адбывацца чэмпіянат свету па хакеі. Як вы лічыце, ці мае рацыю Міжнародная федэрацыя хакея, ладзячы чэмпіянаты ў краінах, якія маюць праблемы з правамі чалавека? Бо такім чынам, палітычны рэжым, фактычна, атрымоўвае падтрымку.

Ліянэль Веер: Я лічу, што вельмі важна мець адкрытыя стасункі з кожнай краінай. Я думаю, што не трэба рабіць спартовыя альбо культурныя падзеі палітычным пытаннем. Як вы помніце, калі адбываліся Алімпійскія гульні ў Кітаі, былі такія ж самыя дэбаты. І ўрэшце заўсёды становіцца зразумела, што трэба выкарыстоўваць такую магчымасць для кантактаў. І гэта тое, што мы робім. Для нас правы чалавека – справа кожнага палітыка з усяго парламента, а не толькі нейкіх спецыфічных людзей, якія займаюцца гэтым пытаннем. Калі міністр эканомікі едзе ў нейкую краіну, што мае праблемы з правамі чалавека, ён таксама ўздымае гэта пытанне. Атрымоўваецца, што мы стараемся зрабіць шырокі месэдж і выкарыстаць кожную магчымасць для дыялогу.

Еўрарадыё: Але з іншага боку, дзякуючы вялікім спаборніцтвам, палітычны рэжым атрымоўвае вялікія грошы.

Ліянэль Веер: Сапраўды. Але я не думаю, што калі ўсё гэта адмяніць, то адразу ж аўтаматычна палепшыцца сітуацыя з правамі чалавека. Для такіх краін, як Беларусь, і асабліва для маладых людзей, такія падзеі вельмі важныя, бо яны могуць атрымаць шмат кантактаў з іншымі краінамі. І нам трэба выкарыстоўваць гэтыя каналы, каб павялічыць кантакты і паказаць сітуацыю з усіх бакоў.

Еўрарадыё: 14 верасня ў вас была сустрэча з беларускімі і расійскімі праваабаронцамі і журналістамі, якіх запрасіла Міжнародная федэрацыя правоў чалавека і Галандскі хельсінскі камітэт. Вы абмяркоўвалі цікавую тэму “Бізнэс і правы чалавека”, з якой вынікала што Нідэрланды – адзін з галоўных імпарцёраў беларускіх тавараў. Ці праўда, што эканамічны фактар уплывае на адносіны паміж Нідэрландамі і Беларуссю?

Ліянэль Веер: Безумоўна, адносіны паміж дзвюма краінамі не будуць ізаляваны ад нейкіх чыннікаў. І вядома, што Ратэрдам – галоўны порт Еўропы, калі не адзін з галоўных партоў свету. Таму шмат тавараў з многіх краін, якія маюць праблемы з правамі чалавека, праходзяць праз Ратэрдам, у тым ліку і беларускія тавары. Росквіт нашай нацыі звязаны з нашымі эканамічнымі кантактамі: мы жывем з экспарту, мы жывем з гандлю. Мы не можам адмовіцца ад бізнэсу з іншымі часткамі свету, калі яны маюць праблемы з правамі чалавека. І большая частка тавараў праходзіць транзітам, і не застаецца ў Ратэрдаме. Але калі мы пытаемся ў галандскіх кампаній, ці было б магчымым спыніць такі бізнэс, яны адказваюць: “Не!” Але мы шукаем шляхі, як скарыстацца гэтым, каб палепшыць сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Важная рэч, што ўрад мае больш адказнасці: эканамічнай, за бяспеку, за правы чалавека. І мы павінны выкарыстоўваць усе гэтыя элементы, каб знайсці баланс. І важна, калі галандская кампанія інвестуе ў Беларусь, то мусіць памятаць не толькі пра хуткі прыбытак, але і доўгатэрміновыя задачы, што мусяць захоўвацца вяршэнства закону і правы чалавека. У тым ліку гэта адлюстроўваецца на ўсёй стабільнасці ў краіне. Калі ты ведаеш, што ў Беларусі правы чалавека парушаюцца, і ты інвестуеш у ліберальныя магчымасці Беларусі, то ты хочаш ствараць бізнэс, ты хочаш працаваць з людзьмі.  

Еўрарадыё: Ці даведаліся вы нешта новае пра правы чалавека ў Беларусі ад праваабаронцы Валянціна Стэфановіча і кіраўніцы БАЖ Жанны Літвіной падчас апошняй сустрэчы?

Ліянэль Веер: Нейкай новай інфармацыі пра сітуацыю не было. Але мы аналізавалі, як мы можам працаваць разам, каб прамаваць пазітыўныя змены. Думаю было б вельмі добра, калі б людзі, як я, амбасадар па правах чалавека Нідэрландаў, наведалі Беларусь. І пагаварылі з людзьмі ў Беларусі. Было б добра пагаварыць не толькі з праваабарончымі арганізацыямі, але і з афіцыйнымі чыноўнікамі – каб скласці поўную карціну. А таксама з групамі грамадзянскай супольнасці. Бо я лічу, што Беларусь мае вялізны патэнцыял для пазітыўных зменаў. Ёсць шмат маладых, адукаваных людзей, якія зацікаўлены ў міжнародных кантактах, якія карыстаюцца інтэрнэтам і маюць пэўныя магчымасці. Але найлепшы кантакт – асабісты.

Спецыяльна для праграмы “Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі