Эксперт: Масква будзе максімальна зацягваць перамовы па вызваленні Саўчанка
Расійскі суд прыгаварыў грамадзянку Украіны Надзею Саўчанка да 22 гадоў пазбаўлення волі. Але што будзе далей? Няўжо ёй сапраўды давядзецца 22 гады правесці ў расійскай калоніі?
Па словах дэпутата Вярхоўнай Рады, упаўнаважанай прэзідэнта Украіны па мірным урэгуляванні канфлікту на ўсходзе краіны Ірыны Герашчанка, Кіеў і надалей будзе рабіць усё магчымае для вызвалення грамадзян Украіны як з расійскіх турмаў, так і з палону баевікоў.
“І зараз мы кансалідуем нашы намаганні з нашымі міжнароднымі партнёрамі па вызваленні Надзеі. Сёння, на самой справе, пачынаецца новы этап барацьбы за свабоду Надзеі і іншых зняволеных. Украінская ўлада разглядае любыя кампрамісныя варыянты, якія могуць паскорыць вызваленне Надзеі”, — кажа Ірына Герашчанка ў эксклюзіўным каментарыі Еўрарадыё.
Адзін з варыянтаў агучвае прэзідэнт Пётр Парашэнка. Па яго словах, Украіна гатовая абмяняць Надзею Саўчанка на двух расійскіх разведчыкаў: Яўгена Ерафеева і Аляксандра Аляксандрава. Іх цяпер судзяць ва Украіне па абвінавачванні ў тэрарызме. Пасля вынясення прысуду, заяўляе Парашэнка, яны гатовыя перадаць іх Расіі.
З тым, што гэта найбольш верагодны варыянт вызвалення Надзеі Саўчанка з турмы, згодны і ўкраінскі палітолаг Яўген Магда. Іншая справа, упэўнены эксперт, што Расія будзе максімальна цягнуць час і ігнараваць неабходнасць вызвалення Саўчанка. Але тут ёсць рызыка, што і прысуд, і затрымка вызвалення могуць справакаваць саму Надзею на чарговую сухую галадоўку.
А ў такім выпадку расійскі бок паспрабуе сітуацыю павярнуць супраць украінскай улады: будзе падкрэсліваць, што нічога не робіцца, што ўкраінская ўлада здае сваіх і не змагаецца за вызваленне Саўчанка
Варыянт абмену Надзеі Саўчанка на двух расійскіх ваенных самы відавочны і на першы погляд прымальны, але вельмі складаны, і поспех такіх перамоў не гарантаваны, сумняваецца расійскі палітолаг Аляксандр Сыцін.
“Гэта пытанне выключна да ўкраінскай дыпламатыі: здолеюць яны знайсці кантакт? На сёння адносіны паміж дзвюма краінамі такія, што, шчыра кажучы, я слаба сабе ўяўляю, як магчымы такі кантакт?
Калі такі кантакт будзе знойдзены і калі нехта здолее дагрукацца да расійскага кіраўніцтва і хаця б пачаць перамовы ў гэтым накірунку, то я буду лічыць гэта вялікім поспехам і мастацтвам
Па яго словах, не выключана, што ў абмен на Саўчанка Масква запатрабуе ад Кіева палітычных саступак.
Сыцін: “Да прыкладу, выкананне “Мінскіх пагадненняў” у той рэдакцыі, у якой іх бачыць Расія, — правядзенне адпаведных мерапрыемстваў на Данбасе па федэралізацыі. Увогуле, запатрабаваць могуць усё што заўгодна!”
Але ці гатовы на гэта Кіеў, расійскі палітолаг казаць не бярэцца. Калі ж Кіеў не пагодзіцца выконваць патрабаванні Масквы, дадае Сыцін, перад грамадзянскай Украіны рэальна паўстае перспектыва дастаткова вялікага тэрміну ў расійскай калоніі. З іншага боку, украінскія суразмоўцы Еўрарадыё выказваюць упэўненасць, што сітуацыю з Надзеяй Саўчанка абавязкова атрымаецца вырашыць на яе карысць — яна будзе вызваленая. Іншая справа — калі?
Фота Змітра Лукашука, з архіва Яўгена Магды і Ірыны Герашчанка