Эксперт: Заменай корпуса праблему не вырашыш, трэба мяняць персанал
11 жніўня расійскія СМІ распаўсюдзілі інфармацыю аб тым, што Беларусь вырашыла замяніць корпус рэактара да першага энергаблока Астравецкай АЭС. Журналісты спасылаюцца на міністра энергетыкі Беларусі Уладзіміра Патупчыка, які знаходзіцца з візітам у Цюмені.
Фізік, доктар тэхнічных навук Георгій Лепін у размове з Еўрарадыё выказаў меркаванне, што заменай корпуса праблему не вырашыш — яна нашмат глыбейшая: у самім падыходзе да будаўніцтва першай беларускай АЭС.
"Калі персанал на будоўлі Астравецкай АЭС здольны на такія штукі — скінуць падчас мантажа такі складаны аб'ект, то такому калектыву нельга давяраць будаўніцтва гэтага аб'екта. Гэта катэгарычна недапушчальна. Тут павінен быць высокакваліфікаваны склад выканаўцаў. З высакаякаснай тэхнікай. Таму што невядома нават, чым яны гэты корпус падымалі", — кажа Лепін.
Афіцыйнай інфармацыі з Мінэнерга пра замену корпуса рэактара няма — там словы міністра пакуль не каментуюць.