Эмір Кустурыца: Я вялікі балельшчык Беларусі!
Вядомы рэжысёр распавёў пра тое, чым яму падабаецца наша краіна, пра якія палітычныя тэорыі ён расказваў Лукашэнку, чаму не здольны зняць фільм пра беларускага
Пра Беларусь:
"Што тычыцца вашай краіны, то я вялікі яе балельшчык, бо ваша краіна вельмі акуратна прымае капіталізм у свае шэрагі, і яшчэ таму, што маленькія славянскія краіны ствараюць вялікае славянскае братэрства. Я думаю, у нас з вамі ёсць вельмі шмат добрага. Так што, можаце лічыць, што ў вас ёсць адзін балельшчык".
Пра Мінск ды беларусаў:
"Як я ўжо казаў, так павінны выглядаць усе гарады свету. Мне падабаецца дабрыня на тварах вашых людзей і вельмі моцны славянскі ўплыў. Таксама тое, чаго ў нас няма, гэта аб'яднанне поўначы і вельмі моцнай асобы, моцы, якая схаваная ўнутры".
Пра сустрэчу з Лукашэнкам:
"Гэта была вельмі прыемная сустрэча. Я памятую яго яшчэ з часоў, калі ён падтрымаў наш народ падчас бамбардзіроўкі, і за гэта я яму вельмі ўдзячны. Гэта была сустрэча з вельмі моцнай асобай. Можа камусьці гэта не падабаецца, але гэта вельмі моцная асоба. Я яму сказаў, што мне вельмі падабаецца арыгінальнасць гэтай краіны і распавёў яму пра некаторыя тэорыі, якія існуюць адносна краін, што пераходзяць ад камунізму ды сацыялізму да капіталізму. Паводле гэтай тэорыі, на колькі больш павольна краіна пераходзіць да капіталізму, на столькі для яе лепш. У вас відавочна, што гэты працэс не ідзе хутка. Магчыма, для вас гэта і не вельмі зручна, але, паколькі я чалавек мінулага і будучыні, я спадзяюся, што ў будучым вам будзе ўсё лепш і лепш".
Пра магчымасць зняць фільм пра Лукашэнку:
"Я не ўпэўнены, што здолеў бы зрабіць гэты фільм. Я звычайна раблю фільмы, калі адчуваю, што ёсць падстава для таго, каб зняць фільм. Усё ж я пакуль яшчэ пад уплывам Дастаеўскага".
Пра палітычныя погляды:
"Мае палітычныя погляды левыя, інтэрнацыяналістычныя, я веру ў добрага чалавека, ва ўтапічную карціну свету, я веру ў ідэаліз на столькі ж, на колькі і ў мараль. Гэта ўсё супрацьлеглае да тэндэнцый сучаснага свету. Называйце мяне праваслаўным сацыялістам."
Пра цесныя адносіны з Інгеборге Дапкунайтэ:
"Пра Інгеборге Дапкунайтэ - гэта навуковая фантастыка. Гэта дзіўна, бо я ніколі не быў героем-любоўнікам, і ніколі не быў аб'ектам для жоўтай прэсы. Яны мяне блытаюць з Горанам Брэгавічам. Мы сталі сябрамі, калі былі ў журы ў Канах, і былі сябрамі падчас здымак аднаго французскага фільма. Пасля гэтага і прыдумалі гэтую гісторыю, якая ніяк са мной не звязана. Я спадзяюся, што гэта ніяк не перашкодзіць нашым добрым чалавечым адносінам".
Пра фільм, над якім зараз працуе:
"Я як раз працую над адной гісторыяй, якая тычыцца Дастаеўскага. Яна складаецца з трох невялікіх гісторый, з якіх будзе складацца адна вялікая. Спадзяюся, што я знайду разуменне і жаданне каб гэты фільм быў зроблены. Але верагодна, без Дабкунайта. Верагодна.... Гэта фільм пра тое, як пакараныя тыя, хто любіць Дастаеўскага. Гэта будуць тры гісторыі. Фільм пра маладога чалавека, які жадае зняць фільм "Злачынства і пакаранне". Ён прыходзіць да аднаго багатага чалавека, які прыехаў у Каны, каб набыць гатэль, але замест гэтага вырашыў стаць прадзюсарам. Ён паставіў вялікую дылему для маладога рэжысёра, ён сказаў яму: "Ты атрымаеш грошы на фільм, калі заб'еш маю жонку". І гэта ператвараецца ў трагікамедыю. Другая гісторыя пра дзяўчыну, якая жыве ў Бялградзе і выконвае ролю Настассі Філіпаўны. На яе сыходзіць нешта звыш, маўляў, яна мусіць зацяжарыць ад унука Дастаеўскага. Яна набывае квіток і едзе ў Санкт-Пецярбург. Яна грукае ў дзверы да чалавека і кажа: "Я прыехала і жадаю мець ад вас дзіця". І гэты момант ускладняецца тым, што прыходзіць трэцяя гісторыя - як і дзе зараз Іван Карамазаў. Між іншым, ён стаў манахам. Але будучы чалавекам інтэлектуальным, ён здымае расу і сустракае тую дзяўчыну, што пажадала зацяжарыць ад Дастаеўскага. Гэта вельмі складаная гісторыя, канец якой я зараз не буду расказваць".
Пра папулярызацыю нацыянальнага кінематографаў:
"Свет вельмі хутка змяняецца. Адзін японскі філосаф, Фукаяма, дзесьці 20 гадоў таму сказаў, што прыйшоў канец гісторыі. Гэта з-за вялікай інфармацыйнай ды тэхналагічнай рэвалюцыі. І толькі Фукуяма сказаў пра канец гісторыі, прыйшоў вялікі крызіс у свет, і гісторыя вярнулася. Так і ў вялікіх і малых народаў. Карпаратыўны капіталізм - гэта 4 фірмы, што валодаюць светам - гэта McDonalds, Coca-Cola і яшчэ некаторыя. І гэта ім Футуяма адказваў, калі казаў, што больш няма гісторыі. Вярнулася гісторыя, вярнуліся народы, вярнулася ідэя разнастайнасці ў свеце. Так і абарона нацыянальных культур у руках маленькіх краін. І зараз у свеце існуюць дзве канцэпцыі: старая еўрапейская, паводле якой нацыянальная культура павінна развівацца, і амераканская, дзе культура ўвогуле не патрэбная. Пытанне ў тым, якая канцэпцыя нам больш пасуе. Гэта фундаментальна звязана з развіццём чалавека. Чалавек мусіць быць ідэнтыфікаваны, яго нельга ідэнтыфікаваць з хмарачосам. Мы мусім быць ідэнтыфікаваныя з нечым духоўнага паходжання, а не грашовага. І наша бачанне свабоды павінна адпавядаць бачанню Бярдзяева, які сказаў, што свабода -тгэта цяжка, а рабства - проста. Мы ўсе можам стаць прыхільнікамі фільма "Аватар", але навошта гэта рабіць калі ёсць фільм "Андрэй Рублёў". Пытанне ў тым, якую частку нашай асобы пакрывае "Аватар", а якую "Андрэй Рублёў". Які з гэтых двух фільмаў прадстаўляе паэму свабоды? "Аватар" дакладна - "не", а "Рублёў" - магчыма "так".
Пра "Майстра і Маргарыту":
"Кажуць, што ўжо два чалавекі спрабавалі зняць "Майстра і Маргарыту" і памёрлі. Думаю, што мне варта пазбегнуць гэтай магчымасці. Гэта вялікі праект. Пытанне ў тым, ці можа такая геніяльная літаратура быць асновай для геніяльнага фільма. Нават калі фільм будзе геніяльным, ці зразумеюць гэта як геніяльнае. Думаю, што гэта адзін з найвялікшых раманаў калі-небудзь напісаных. Калі робяць спісы самых вялікіх твораў, яго заўсёды апускаюць, але ў маім спісе ён на самым версе".
Пра ўласны горад:
"Я зрабіў свой уласны горад з дрэва, які шмат хто называе няправільная вёска. Гэта горад, які мае ўсе сімптомы антычнай Грэцыі. Горад, дзе ёсць свой кінатэатр, свая царква, свая крама, лазня, амфітэатр. З-за таго, што я назваў гэта горадам, мы вырабляем малако, сыр і рыбу, робім сок, і ў нашым горадзе няма Кока-колы. Я сам з'яўляюся мэрам. У гэтым горадзе няма выбараў, няма дэмакратыі. Там папросту ўсе любяць адзін аднаго і дэмакратыя не патрэбная. Стыль кіравання гэтым горадам можна назваць "салодкая дыктатура". І я думаю, што ў такім варыянце кіравання і ёсць будучыня свету. Ёсць два варыянты развіцця свету - татлітрызм, які стане фінальнай стадыяй капіталізму, ці ўлада Кітая. Але і ў адным, і ў другім выпадку не будзе дэмакратыі. А таму я думаю, што будучыня менавіта ў "салодкай дыктатуры".
"Гэта вялікая тэрыторыя, дзе працуюць 100 чалавек, але туды прыязджаюць людзі ладзіць семінары, фестывалі. Мая вёска - гэта сацыяльная арэна, на якой адбываюцца падзеі, але грамадзяне змяняюцца".
Пра сям'ю:
"Мая сям'я не любіць, каб я пра яе расказваў. Але зараз Стрыбар знаходзіцца ў спортзале, а ўвогуле ён працуе над сваёй пласцінкай. Дуня, мая дачка, заканчвае драматургію і піша адну вельмі цікавую драму. Яна піша драму пра аднаго англічаніна, якому перасадзілі сербскае сэрца".