Эпідэміёлаг пра COVID-19: у Беларусі піка не было, мы плаўна выйшлі на плато

Эпідэміёлаг пра COVID-19: у Беларусі піка не было, мы плаўна выйшлі на плато

У Беларусі не было піка захворванняў на каранавірус, як у Італіі або Іспаніі. Наша краіна плаўна выйшла на плато, кажа намесніца галоўнага лекара Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ірына Глінская

"Мы плаўна раслі і потым выйшлі на плато. Былі дні, калі колькасць выпадкаў была вышэйшай, ніжэйшай, але класічнага піка, як быў у Італіі, Іспаніі, калі яны ўзыходзілі на яго вельмі хутка і калі сістэма аховы здароўя была перагружаная, у нас не адзначалася. Мы пасля плаўнага павелічэння колькасці выпадкаў выйшлі на плато", — цытуе TUT.by яе выказванне. 

Зніжэнне колькасці захворванняў медыкі прагназуюць на канец траўня — пачатак чэрвеня. У гэтым яны арыентуюцца на іншыя краіны, дзе таксама эпідэмія COVID-19 выходзіла на плато. Там, кажа Глінская, плато доўжылася чатыры пяць тыдняў. У нас такая сітуацыя назіраецца ўжо тры тыдні. 

"Гэта знаходжанне колькасці выпадкаў у пэўных межах, у нас гэта прыкладна ад 800 да 1000. Калі разлічваць долю новых выпадкаў у структуры агульнай колькасці выпадкаў, то яна прыкладна ў гэты перыяд на адным узроўні — дзесьці 3-5%. Калі гэты паказчык павялічваецца — гэта неспрыяльная прагнастычная прыкмета. Калі ён знаходзіцца ў пэўных рамках — гэта прагнастычна спрыяльная прыкмета", — тлумачыць спецыяліст.

Зніжэнне захворвальнасці, па прагнозах, таксама будзе плаўным. Мінск і Віцебшчына, дзе эпідэмія пачалася раней, адчуюць зніжэнне таксама раней. 

Наконт магчымай другой хвалі каранавіруса, якую прагназуюць на восень Глінская выказваецца асцярожна: "У цяперашні час адсутнічаюць даныя ў краін для таго, каб адназначна адказаць на гэтае пытанне. Вывучэнне сітуацыі працягваецца".

Па стане на 21 траўня ў Беларусі афіцыйна налічваецца 33 371 выпадак заражэння каранавірусам, 185 пацыентаў памерлі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі