ЕС і Турцыя ўзгаднілі план вырашэння праблемы мігрантаў
Лідары Еўрасаюза і Турцыі на саміце ў Бруселі ўзгаднілі папярэдні план дзеянняў, скіраваных на абмежаванне прытоку мігрантаў у Еўропу. Пра гэта паведамляе ВВС са спасылка на кіраўніка Еўрапейскай камісіі Жана-Клода Юнкера.
Раней Турцыя, якая прыняла ўжо каля 2 мільёнаў бежанцаў з Сірыі, звярнулася да ЕС па дапамогу ў памеры 3 мільярдаў еўра — у першую чаргу для ўладкавання цэнтраў па прыёме бежанцаў, а таксама папрасіла аблегчыць візавы рэжым для турэцкіх грамадзян, якія хочуць наведаць краіны Шэнгенскай зоны.
Як сказаў Жан-Клод Юнкер, памер дапамогі Анкары будзе абмяркоўвацца з уладамі краіны ў бліжэйшыя дні, а працэс спрашчэння візавага рэжыму будзе паскораны. Што да бязвізавага рэжыму для грамадзян Турцыі ў рамках Шэнгенскай зоны, то ён будзе залежыць ад таго, наколькі паспяховымі будуць захады па стрымліванні патоку мігрантаў.
Удзельнікі саміта паабяцалі таксама не затрымліваць з разглядам заяўкі Турцыі на ўступленне ў Еўрасаюз.
Фота з архіву