ЕС не стане змякчаць санкцыі супраць Расіі ў абмен на дапамогу ў Сірыі
Еўрапейскі саюз збіраецца падоўжыць эканамічныя санкцыі, накладзеныя на Расію, нягледзячы на ўмацаванне сувязяў з Масквой пасля тэрактаў у Парыжы. Пра гэта піша The Wall Street Journal, спасылаючыся на чыноўнікаў і дыпламатаў краін ЕС. Па звестках выдання, ЕС не хоча атрымліваць дапамогу Масквы ў Сірыі за "кошт Украіны".
Нагадаем, што санкцыі заходніх краін былі накладзеныя на прадстаўнікоў Расіі акурат у сувязі з падзеямі ва Украіне. Таму Еўрасаюз увязвае санкцыі з выкананнем мінскіх пагадненняў.
Латвійскі міністр замежных спраў Эдгарс Рынкевічс паведаміў, што на сустрэчы кіраўнікоў МЗС 16 лістапада нават не абмяркоўваўся перагляд санкцый, каб заахвоціць Маскву весці сумесную барацьбу супраць сірыйскіх ісламістаў.
Паводле звестак The Wall Street Journal, якія пераказвае РБК, цяпер заходнія краіны разглядаюць тры магчымыя варыянты працягу санкцый. Гэта можа быць падаўжэнне абмежавальных мер на паўгода, год ці толькі на тры-чатыры месяцы. Цяперашні тэрмін санкцыяў заканчваецца напрыканцы студзеня 2016 года.
Фота: kommersant.ru