Эстонія прыпыняе авіякантакты з Беларуссю праз высокую рызыку заражэння COVID-19
Урад Эстоніі часова прыпыніў авіязносіны з краінамі, сярод насельніцтва якіх фіксуецца высокі адсотак захворвання на каранавірус. Пра гэта заявіла прэс-служба Міністэрства эканомікі і камунікацый Эстоніі на сваім афіцыйным сайце.
Ужо з 18 траўня забароненыя палёты з Эстоніі ў Англію, Бельгію, Данію, Расію, Турцыю, Швецыю. На думку эстонскіх уладаў, у гэтых краіна існуе высокая рызыка заразіцца COVID-19. Для Беларусі забарона набудзе моц з 24 траўня. Гэта тлумачыцца тым, што 23 траўня ў Талін праз Беларусь павінна вяртацца група грамадзян Эстоніі.
Забарона на палёты будзе дзейнічаць па 7 чэрвеня ўключна. Потым эксперты зноў ацэняць абстаноўку і ў залежнасці ад вынікаў адменяць або працягнуць забарону.
Дарэчы, з 19 траўня Эстонія адкрывае авіякантакты з Аўстрыяй, Германіяй, Латвіяй, Літвой, Нарвегіяй, Польшчай. Крытэрый бяспечнасці краіны — 25 і менш інфікаваных каранавірусам на 100 тысяч насельніцтва за апошнія 14 дзён.
У самой эстоніі з 18 траўня зняты рэжым надзвычайнага становішча і пачалося паступова змякчэнне каранцінных мер.
У Беларусі па стане на 17 траўня зарэгістравана 29 650 выпадкаў заражэння каранавірусам, 165 пацыентаў памерлі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.