Еўрапарламент выказаўся за падпісанне пагаднення з Украінай
Еўрадэпутаты зрабілі гэта 23 кастрычніка на сесіі, якая праходзіць у Страсбургу.
Як інфармуе УНІАН, Еўрапейскі парламент рэкамендуе Савету ЕС падпісаць пагадненне аб асацыяцыі паміж Еўрасаюзам і Украінай.
Праўда, пры ўмове, што Кіеў выканае ўсе неабходныя патрабаванні. Як вядома, ва Украіне не завершаныя рэформы выбарчай і судовай сістэмаў, у Еўропы застаюцца пытанні да ўкраінскага правасуддзя. Украіна павінна выканаць усе патрабаванні ЕС да паседжання саміта міністраў замежных спраў, якое адбудзецца 18 лістапада.
Нагадаем, пагадненне аб асацыяцыі, якое прадугледжвае стварэнне зоны вольнага гандлю, Кіеў і Брусэль ухвалілі яшчэ вясной 2012 года. Аднак падпісанне дакумента было адкладзена з-за судовага пераследу былога прэм'ер-міністра і аднаго з лідараў апазіцыі Юліі Цімашэнкі. Восенню 2011-га яна была асуджаная на 7 гадоў пазбаўлення волі, нібыта, за перавышэнне паўнамоцтваў падчас падпісання газавага пагаднення з Расіяй. Захад лічыць прысуд палітычна матываваным.
Нядаўна камісар па пытаннях пашырэння і еўрапейскай палітыкі суседства Штэфан Фюле заявіў, што ЕС чакае рашэння па справе Цімашэнкі для падпісання пагаднення аб асацыяцыі.
Фота — Fotolia