Еўрапарламент заклікаў да барацьбы з прапагандай Крамля і ісламскіх экстрэмістаў
Еўрапарламент заклікаў да барацьбы з прапагандай Крамля і ісламскіх экстрэмістаў шляхам больш актыўнага яе выкрыцця і распаўсюду пазітыўнай інфармацыі пра Еўрасаюз. За рэзалюцыю-даклад "Аб інфармацыйнай палітыцы ЕС у супрацьдзеянні накіраванай супраць яго прапаганды трэціх бакоў", падрыхтаваную дэпутатам ад Польшчы Ганнай Фатыгай, прагаласавалі 304 еўрапарламентары, супраць выказаліся 179, устрымаліся 208.
Як інфармуе "Бі-Бі-Сі", у дакуменце адзначаецца, што Еўрапарламент "сур'ёзна заклапочаны хуткім пашырэннем у Еўропе інспіраванай Крамлём дзейнасці, уключна з дэзынфармацыяй і прапагандай, накіраванай на захаванне ці павелічэнне здольнасці Расіі аслабляць і расколваць ЕС". Будзе разглядацца "стратэгічная камунікацыя" (інфармацыйная палітыка), якая мусіць супрацьдзейнічаць прапагандыстам. Органы ЕС, улады краін Еўрасаюза заклікаюцца больш актыўна падтрымліваць арганізацыі, якія выкрываюць дэзынфармацыю.
Прадстаўнікі Расіі ў Еўрапарламенце, расійскія палітыкі і дзяржаўныя СМІ рэзка асудзілі дакумент, абвінавацілі яго аўтараў у вяртанні да рыторыкі часоў халоднай вайны. Яны абураныя, што ў дакладзе Расію паставілі побач з "Ісламскай дзяржавай", забароненай расійскім заканадаўствам. Уладзімір Пуцін заявіў, што Расію "ўсе спрабуюць вучыць дэмакратыі, аднак забароны не лепшы спосаб для гэтага".
Адзначым, што рэзалюцыя Еўрапарламента не мае сілы закона, а з'яўляюцца рэкамендацыямі выканаўчым органам ЕС.