Еўрапейскі суд часова забараніў Расіі выдаваць Дзмітрыя Падлобнікава Беларусі

Дзмітрый Падлобнікаў
Дзмітрый Падлобнікаў

Еўрапейскі суд па правах чалавека (ЕСПЧ) забараніў Расіі да 31 студзеня 2022 года выдаваць Беларусі Дзмітрыя Падлобнікава, паведаміў у сваім тэлеграм-канале кіраўнік прававых праграм Маскоўскай Хельсінскай групы Раман Кісялёў.

"Мы атрымалі 39-е правіла Еўрапейскага суда аб часовых мерах — суд забараніў выдачу да 31 студзеня! Спрабуем да ўсіх дастукацца, каб улады былі ў курсе, і яго не вывезлі да гэтай даты", —  напісаў праваабаронца.

Раней з'явілася інфармацыя, што працэдура экстрадыцыі Падлобнікава ў Беларусь ужо пачалася. Пра гэта паведамлялася са спасылкай на адваката беларуса Марыю Красаву. Па яе словах, экстрадыцыя адбывалася з сур'ёзнымі парушэннямі. У тыя дні таксама стала вядома, што 28 снежня Дзмітрый Падлобнікаў патэлефанаваў маці і сказаў, што яму загадалі збіраць рэчы. А ўвечары яго вывезлі з СІЗА.

Паводле звестак Рамана Кісялёва, беларус яшчэ пакуль у Расіі.

У Беларусі Дзмітрыя Падлобнікава падазраюць па двух артыкулах КК: аб грубым парушэнні парадку (ч. 1 артыкула 342 КК) і гвалце ў дачыненні да міліцыянта (артыкул 364 КК). Яму пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі. Падлобнікаву 25 гадоў. У жніўні 2020-га ён удзельнічаў у акцыях пратэсту ў Жлобіне, быў затрыманы на трое сутак, пасля чаго яго адпусцілі. Пазней Падлобнікаў з'ехаў у Расію, дзе ў траўні 2021 года яго зноў затрымалі.

Варта дадаць, што раней Расія ўжо выдавала Мінску беларуса, супраць выдачы якога выступаў ЕСПЧ. Гэта быў Аляксей Кудзін. Суд над ім ужо адбыўся, яму прысудзілі два з паловай гады калоніі.

ЕСПЧ забараніў выдаваць і яшчэ аднаго беларуса Вадзіма Дубойскага. На радзіме яму пагражае да васьмі гадоў пазбаўлення волі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі