Расія выдае Беларусі пратэстоўца Дзмітрыя Падлобнікава
Расія выдае Беларусі пратэстоўца Дзмітрыя Падлобнікава. Яму пагражае на радзіме да 7 гадоў пазбаўлення волі. Пра гэта паведамляе тэлеканал "Дождь" са спасылкай на адваката беларуса Марыю Красаву. Паводле яе слоў, экстрадыцыя адбывалася з сур'ёзнымі парушэннямі. Красава кажа, што беларускі бок даў гарантыі магчымасці расійскаму консулу наведваць Падлобнікава ў зручны для яго час.
У аўторак Дзмітрый Падлобнікаў патэлефанаваў маці і сказаў, што яму загадалі збіраць рэчы. А ўвечары яго вывезлі з следчага ізалятара, паведамляе "Бі-Бі-Сі".
Падлобнікаву 25 гадоў. У жніўні 2020-га ён удзельнічаў у мірных пратэстах ў Жлобіне, быў затрыманы, правёў трое сутак за кратамі. Пасля выехаў на працу ў Расію, дзе ў траўні 2021-га быў затрыманы — Беларусь дамагалася яго экстрадыцыі. З таго часу знаходзіўся за кратамі.
Беларуса абвінавачваюць у "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак" і ў "гвалце ці пагрозе выкарыстання гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных спраў". Падлобнікаў некалькі разоў звяртаўся ў расійскія праваахоўныя органы з просьбай не дапусціць экстрадыцыі — чакаў, што ў Беларусі яго чакаюць катаванні.
Напярэдадні прадстаўнікі расійскіх праваабарончых арганізацый напісалі на імя генпракурора і кіраўніка ўраду Расіі "зварот аб недапушчэнні экстрадыцыі" Дзмітрыя Падлобнікава.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.