Еўрасаюз зноў прайграў, бо не ўвёў сапраўдных санкцый?

Былы першы сакратар польскай амбасады ў Мінску Марэк Буцька пракаментаваў Еўрарадыё заяву высокапастаўленага еўрапейскага чыноўніка Гунара Віганда, які знаходзячыся з візітам у нашай краіне, заявіў пра магчымасць аднаўлення дыялогу паміж ЕС і Беларуссю. 

Еўрарадыё: Калі паглядзець на адносіны Беларусі і Еўропы ў катэгорыях гандлю, то гэты гандаль адбываецца паводле савецкай сістэмы. Не прадавец ідзе да пакупніка, а пакупнікі стаяць у чарзе да прадаўца, які гандлюе палітвязнямі. Чаму?

Марэк Буцька: Прычына вельмі простая: прадавец – манапаліст, і ён дыктуе свае ўмовы. А пакупнікі могуць згаджацца ці не, абурацца, але ўплыву – як паказаў досвед сямнаццаці год – ніякага не маюць.

Еўрарадыё: Наколькі эфектыўная палітыка з боку ЕС?

Марэк Буцька: Яна наогул неэфектыўная і досвед многіх гадоў гэта ўжо неаднойчы даказаў. Калі я чую пра чарговы дыялог, размарожванне (а я займаюся Беларуссю ўжо гадоў 15) – гэта проста дэжавю, сёмы ці восьмы раз ўжо адбываецца такая палітычная з’ява. І нічога з гэтага не будзе. Можа, атрымаецца выгандляваць аднаго-дваіх-траіх палітвязняў і ўсё.  А пра поўнае размарожванне адносінаў гаворкі быць не можа. Не тая сістэма ў Беларусі, з якой можна наладзіць хоць нейкія адносіны. Пакуль будзе Лукашэнка, да той пары не будзе ніякіх нармальных адносін.

Еўрарадыё: А чаму ЕС тактычна не вытрымлівае паўзы, а ўсё адно робіць чарговыя прапановы?

Марэк Буцька: Гэта бюракратычная з’ява. Чыноўнікам трэба даказаць, што яны нешта робяць і маюць нейкі поспех. Таму чарговы раз наступаюць на тыя ж самыя граблі. Можна іх спытаць, як яны вядуць тую палітыку, раз ад яе ніякай карысці няма. Еўрасаюз зноў прайграў, бо не ўвёў сапраўдных санкцый. Не ў дачыненні да дзвюх-трох соцень тысяч чалавек, а трэба было ў дачыненні да трох-пяці тысяч рабіць санкцыі: для ўсяго апарату КДБ, для МУС, для ідэалагічнага апарату. З іншага боку, для астатніх беларусаў трэба было скасаваць візы, або зрабіць бясплатныя візы. Бо выходзіць, што ўведзеныя нейкія санкцыі, а насамрэч, яны толькі сімвалічныя. Тое ж самае і наконт эканамічных санкцый. Сапраўднае моцнае гандлёвае эмбарга не было ўведзенае з боку Еўрасаюза. Чыноўнікі  лічаць, што санкцыі зноў сябе не апраўдалі, таму трэба наладжваць дыялог. Гэта ўжо каторы раз!

Еўрарадыё: Усплыла інфармацыя, што экспертныя колы, якія падтрымліваюць скасаванне санкцый, супрацоўнічаюць з амерыканскай некамерцыйнай арганізацыяй Pact. А тая выступае за спробы дамовіцца з беларускімі ўладамі і нават са спецслужбамі. Яны лічаць, што тады атрымаецца больш эфектыўна рэалізоўваць праекты. Але мы памятаем нядаўнюю гісторыю з Алесем Бяляцкім, калі, дзякуючы супрацоўніцтву, беларускія праваахоўныя органы атрымалі ягоныя рахункі. А гэта выглядае, як яшчэ большы скандал. Як вы ставіцеся, як прадстаўнік недзяржаўнай арганізацыі, да такіх ідэй і такіх заяваў?

Марэк Буцька: Я скажу так: у ЗША ці ў Еўропе даволі адкрытае грамадства. Ёсць дзясяткі, сотні, тысячы арганізацый – заўжды знойдзецца тая, якая скажа, што трэба сябраваць з беларускімі спецслужбамі. Але гэтая думка пакуль яшчэ не пануе ні ў ЗША, ні ў Еўрасаюзе. Я б не пераацэньваў гэтых з’яваў – яны маргінальныя.

Еўрарадыё: Кажуць, што па еўрапейскіх кабінетах ідэя, зменшыць нават візавыя санкцыі, ўсё ж такі лётае, што ёсць магутнае лобі Аляксандра Лукашэнкі ў Еўропе. Ці праўда гэта?

Марэк Буцька: Я думаю, што лобі ёсць, але не надта магутнае. Думаю, дыпламаты спрабуюць па лініі спецслужбаў падкупіць асобных чыноўнікаў, каб яны казалі, што кажуць. Гэта вядома і ясна, што такое можа быць. Трэба ўлічваць адну рэч: палітыка ў дачыненні да Беларусі выпрацоўваецца перадусім пад уплывам грамадскай думкі. Палітыкі прымалі рашэнні толькі тады, калі СМІ падавалі інфармацыю з Беларусі, што там адбываецца. Абуралася грамадства і пад націскам грамадства палітыкі былі вымушаныя прымаць тыя ці іншыя рашэнні. Калі б гэтага ціску не было – яны б дагэтуль сябравалі бесперапынна з Лукашэнкам. Такая бюракратычная інерцыя. На жаль, такая з’ява ёсць, з ёю нічога не зрабіць, і яна развіваецца. Цяпер цікавасць грамадства да Беларусі меншая, але, калі рэпрэсіі будуць працягвацца, то зноў хваля грамадскай думкі прымусіць палітыкаў прымаць больш рэзкія рашэнні. 

Прыхільнікам увядзення больш жорсткіх санкцыяў Еўрасаюза ў адносінах да Беларусі з'яўляецца таксама і лідар кампаніі "Гавары праўду!" Уладзімір Някляеў 120210 NyaklyaeuS.mp3

Уладзімір Някляеў:  Трэба было б дамовіцца ў тэрміналогіі і не ўжываць слова санкцыі, бо санкцыяў рэальных на сённяшні дзень няма. Матывацыі няма, каб увесці гэтыя санкцыі. Цяжка чакаць, што тое, што мы называем санкцыямі, у адносінах да Беларусі магло б быць уведзенае. Але я б гэтага хацеў хаця б па той прычыне, што рана ці позна Еўрасаюзу давядзецца ўводзіць гэтыя санкцыі, але яны ўжо не будуць звязаныя з палітвязнямі, а з істотнымі праблемамі, з-за якіх для Еўрасаюза ўзнікне істотная небяспека.

Еўрарадыё: А што гэта за праблемы?

Уладзімір Някляеў:  Як мне здаецца, праблемы будуць у ваеннай сферы. Бо тое, што робіцца сёння – тыя прэферэнцыі, што атрымаў Лукашэнка – яны не могуць быць дармовымі. Нечым яны павінны быць аплачаныя. Малавата пагадненняў пра адзіную эканамічную прастору, мытныя пагадненні – тут нешта павінна быць больш сур’ёзнае. Тыя грошы, што ледзь не наўпрост патрабуе рэжым Лукашэнкі, каб абуць і апрануць беларускую армію… Я думаю, шынялі і боты –гэта пробны камень перад больш сур’ёзнымі заявамі беларускіх уладаў у гэтым накірунку.

Еўрарадыё: Часам кажуць, што санкцыі перашкаджаюць развіццю тых галінаў жыцця Беларусі, якія не з’яўляюцца палітычнымі. Узгадваюць рэктараў або што няма магчымасці інфраструктурныя інвестыцыйныя праекты рэалізоўваць… Што вы адкажаце на гэта?

Уладзімір Някляеў: Зноў жа, візавыя абмежаванні – гэта не санкцыі, хаця, яны  абсалютна слушныя, я іх цалкам падтрымліваю. Таму што людзі, якія маюць дачыненне да таго, што Саннікаў, Статкевіч, Бандарэнка  і ўсе астатнія сядзяць у турме, павінны адчуваць, што яны злачынцы. А як яны могуць гэта адчуць, калі тут іх усе хваляць і кажуць, што яны ледзьве не героі. Што да рэктараў, то каму усё адно, што гэты рэктар выганяў некалі студэнтаў, што ён глядзіць скрозь пальцы на тое, што ў яго універсітэтах плююць на беларускую мову,  адмяняюць экзамены на беларускай мове,  дысцыпліны, што былі па-беларуску… Выбачайце, я б за гэта не тое, што санкцыі – я б на плошчы прывязаў бы яго да ганебнага слупа.

Еўрарадыё: А спадар Пефціеў – ён злачынца, на Вашу думку? Ён адзіны бізнэсмэн у гэтым спісе.

Уладзімір Някляеў: Спадар Пефціеў з’явіўся там, хутчэй за ўсё, у сувязі са спадаром Бутам, расійскім гандляром зброяй. Спадар Пефціеў таксама гандляр зброяй. Спадар Бут арыштаваны і спадар Пефціеў, відаць, мог быць сведкам па справе спадара Бута. Вось з-за гэтага ён з’явіўся ў гэтым спісе.

Еўрарадыё: Але ж ад санкцыяў церпяць не столькі ўлады, колькі людзі… Не столькі рэктары, колькі студэнты.  А эканамічныя санкцыі перадусім удараць па людзях.

Уладзімір Някляеў: Гэта прыдумка. Нічога такога, што б біла наўпрост па людзях, пра якіх так “клапоціцца” рэжым, ні Еўрасаюз, ні Злучаныя Штаты не ўводзяць. Усё скіравана супраць рэжыму і кропкава супраць ягоных служкаў, якія гатовыя яму служыць сёння і заўтра.

Еўрарадыё: Ці мае кампанія “Гавары праўду”свае прапановы, як развіваць адносіны паміж ЕС і Беларуссю, каб яны спрыялі дэмакратызацыі Беларусі?

Уладзімір Някляеў: Мы гэтую стратэгію выклалі на 20-і старонках, калі ўдзельнічалі ў саміце Усходняга Партнёрства. Яна ёсць і ў Бруселі, і ў кабінетах МЗС  усіх краін. Гэта мы зрабілі.

Еўрарадыё: А каротка, у чым яна заключаецца?


Уладзімір Някляеў: Калі пакуль няма рэакцыі Еўрасаюза, то няма сэнсу пра яе казаць.

Фота http://nv-online.info

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі