Фатограф Антон Матолька лічыць, што тэлеканал “Беларусь-1” скраў яго здымкі
Дзяржаўнае тэлебачанне выкарыстала здымкі фатографа без спасылкі на аўтара ў навінавым сюжэце “Паўночнае ззянне колеру беларускага сцяга”.
Фатограф Антон Матолька пабачыў свае здымкі паўночнага ззяння ў Беларусі ў навінах на дзяржаўным тэлеканале “Беларусь-1”. У сюжэце не ўказалі аўтара здымкаў. Як распавёў Еўрарадыё сам Матолька, да яго ніхто не звяртаўся па дазвол.
Антон Матолька: “Ніякага дазволу не пыталіся. Выкарыстана не як застаўка, а як слайдшоў для навіны. Я б звярнуўся ў суд, зараз хачу пракансультавацца з юрыстам. Мы адмыслова ездзілі, каб зрабіць гэтыя здымкі, укладаліся грошы ў бензін”.
Раней здымкі Антона Матолькі таксама браў без дазволу расійскі тэлеканал.
Цяпер фатограф збіраецца паскардзіцца ў Міністэрства інфармацыі на тэлеканал “Беларусь-1”. Выкарыстанне здымкаў без дазволу і ўказання аўтарства з’яўляецца парушэннем аўтарскага права.
Фота Антона Матолькі