Фэст мабільнага кіно “Smartfilm” сёлета прысвечаны “рэальным падзеям”
Галоўны дэвіз фестывалю мабільнага кіно “Smartfilm” сёлета — “Заснавана на рэальных падзеях”. Кіно можа быць знятае паводле любога сцэнарыю: ад паўсядзённага жыцця да глабальных і гістарычных з’яў. Здымаць трэба на мабільны тэлефон, а відэа не павінна атрымацца даўжэйшым за 10 хвілін. Даслаць свой фільм на конкурс можна з 20 лістапада па 29 снежня.
Здымаць можна і па матывах беларускіх палітычных падзей. Галоўнае, каб гатовае кіно не парушала правілаў фестывалю. Арганізатары ўпэўнілі, што цэнзуры не будзе.
“Smartfilm” можа стаць мостам у вялікае кіно. Напрыклад, фільм “Ягор”, зняты для леташняга фэсту, паўдзельнічаў у МКФ “Лістапад”. А ўвогуле, у мінулым годзе ўдзел у “Смартфільме” ўзялі 311 стужак з 50 краін свету. А ўвесь п’едэстал занялі замежныя фільмы.
Сёлета, акрамя гран-пры і трох прызавых месцаў, будуць вызначаныя пераможцы ў намінацыях за лепшы сцэнарый і за лепшае біяграфічнае кіно, у партнёрскай намінацыі кампаніі Huawei #seemore. Таксама будзе ўручаны прыз народнага журы.
Пераможцы фестывалю “Smartfilm” атрымаюць смартфоны і грашовыя прызы. За фільм, які возьме гран-пры, рэжысёр атрымае тры тысячы рублёў.