Фінансавы аналітык: Планы ўраду абнадзейваюць
Лукашэнка абрынуўся на ўрад, што хутка мы будзем хадзіць у крамы, як у музей, каб паглядзець на рынкавую эканоміку Мясніковіча і Румаса. Каментуе Вадзім Іосуб.
Еўрарадыё: Як вы думаеце, гэта такая адзінамомантная рэакцыя на палітыку ўрада, ці ўсё ж такі гэты канфлікт – унутраная канфрантацыя, якая цяпер выйшла на паверхню і азначае, што цяпер можна чакаць змен у эканамічнай палітыцы і ўвогуле персанальных змен у вышэйшых эшалонах улады?
Іосуб: Тут адно не выключае іншага. Унутраны канфлікт насамрэч ёсць, і такая перапалка, паміж Міхаілам Мясніковічам і памочнікам прэзідэнта па эканоміцы Ткачовым, якая нават пратачылася да прэсы, гэта дэманструе. Сапраўды, у кіраўніцтве ёсць розныя сілы і розныя падыходы да эканомікі. Але гэты прыняты урадам план і акрэсленне асноўных параметраў развіцця на наступны год у значнай ступені абнадзейваюць. Падобна, што гэта менавіта тое, што патрэбна нашай эканоміцы.
Хацелася б верыць, што сённяшняе выступленне прэзідэнта – толькі адзінамомантнае эмацыйнае праяўленне, таму што, калі гэтая жорсткая палітыка не будзе прынятая, то напрыканцы наступнага года мы атрымаем курс долара каля 22 тысяч рублёў. Гэта пралічаны экспертамі з урада найгоршы сцэнарый развіцця нашай эканомікі, калі ўсё у ёй застанецца па-ранейшаму.
Еўрарадыё: Такія сумныя прагнозы даюць Мінэканомікі і шэраг міжнародных рэйтынгавых агенцтваў. Учора прайшла інфармацыя, што “Standard&Poor's” змясціла Беларусь у групу краін з самым высокім узроўнем эканамічнай рызыкі. Але ў нас неяк не звярнулі на гэта асаблівай увагі не толькі ў афіцыйных дзяржаўных СМІ, але і ў эканамічных. Наколькі гэта прыкрая падзея для Беларусі, што мы цяпер апынуліся ў адной кампаніі з Вьетнамам і Грэцыяй?
Іосуб: Увага на гэта не была звернутая па шэрагу прычын. Звычайна, рэйтынгавыя агенцтвы не з'яўляюцца ньюсмэйкерамі і проста канстатуюць ужо існуючую сітуацыю. Больш таго, паміж тым аналізам, які яны праводзяць і вынікам, які яны вербалізуюць, праходзіць дастатковы кавалак часу.
У прыватнасці, “Standard&Poor's” тлумачыць зніжэнне рэйтынга ростам агрэсіўнага крэдытавання з боку банкаў. У прынцыпе, з чэрвеня такая з'ява ўжо спыненая. Гэта значыць, што не ўсе факты, на якія абапіраліся рэйтынгавыя агенцтвы пры састаўленні сваіх рэйтынгаў, існуюць да гэтага часу. І таму для беларускай эканомікі яны не актуальныя на дадзены момант.
Еўрарадыё: Які ўплыў гэты рэйтынг можа аказаць на эканоміку Беларусі, ці мае ён нейкую рэальную вартасць для стану нашай эканомікі?
Іосуб: Не, бо кошты фінансавых рэсурсаў на міжнародным крэдытным рынку вызначаюцца рынкам. У дадзеным выпадку гаворка можа ісці пра размяшчэнне беларускіх фінансавых аблігацый. Рэйтынг тут – пэўны арыенцір для інвестараў, якім яны могуць кіравацца, калі вырашаюць, ці ўкладвацца ім у беларускія аблігацыі, пазычаць нам грошы, ці не. Што цікава, рэйтынгавыя агенцтвы ідуць ужо за такімі паказчыкамі, як даходнасць аблігацый. Мы ўжо бачылі зніжэнне даходнасці аблігацый, альбо ўзрастанне іх даходнасці, зараз распачаўся працэс некалькі зваротны. Месяц таму гадавая даходнасць аблігацый была каля 20%, зараз яна знізілася да 15% гадавых. Гэта той адсотак, пад які нашаму ўраду рэальна на сённяшні дзень пазычаць фінансавыя рэсурсы за мяжой на рынкавых умовах. Напрыклад, пазычка ў МВФ, у антыкрызіснага фонду ЕўраЗЭС – гэта асобная сітуацыя, там іншыя адсоткавыя стаўкі. І насамрэч, рэакцыі еўрабондаў на гэтае зніжэнне рэйтынга беларускай эканомікі ні было ніякай.