Фотафакт: Лукашэнка ў мінскай мячэці цалаваў Каран
На ўрачыстым адкрыцці Саборнай мячэці ў Мінску Аляксандр Лукашэнка зрабіў нетыповы для немусульманіна жэст.
Як паведамлялася раней, падзея адбылася 11 лістапада падчас урачыстага візіту ў Беларусь прэзідэнта Турцыі. Лукашэнка адкрываў мячэць разам з Рэджэпам Таіпам Эрдаганам.
Муфцій Беларусі падарыў турэцкаму кіраўніку Каран. Эрдаган пацалаваў Каран, тое самае зрабіў і Лукашэнка. Фатаздымак гэтага апублікаваў турэцкі таблоід Posta.
Як адзначае Радыё "Свабода", пацалунак Каранау і прыкладанне яго да ілба ў розных мусульманскіх краінах успрымаецца па-рознаму. Напрыклад, у татараў цалаванне Карана — прывілея духоўных асобаў, а не свецкіх. У свецкіх мусульманскіх краінах жэст, які зрабіў Лукашэнка можа сведчыць пра павагу да Карана, асабліва калі гэта робіць прававерны мусульманін. Рэлігійных жа мусульман гэта можа абразіць, бо кіраўнік Беларусі не з'яўляецца мусульманскім вернікам.