Французскі Дзед Мароз і Мальвіна выступілі для дзетак у хоспісе ў Гродне (фота)

Французскі Дзед Мароз і Мальвіна выступілі для дзетак у хоспісе ў Гродне (фота)

“Таму што ўсё мажліва на Раство” — пастаноўка пад такой назвай прайшла ў Музеі гісторыі рэлігіі.

Прафесійныя артысты з розных краінаў на працягу чатырох год наведваюць Гродна ў рамках працы Міжнароднага аб’яднання “Тэатро”. Бясплатныя выступы з вольным уваходам прызначаныя для дзетак з хоспіса. Як і год таму, у зале Музея гісторыі рэлігіі — аншлаг, вольных месцаў няма.

Сёлета французская трупа артыстаў зладзіла сапраўдную калядную пастаноўку з Дзедам Марозам, Мальвінай, цудоўным амулетам, які выконвае жаданні, ды цудамі, галоўны з якіх — цуд сяброўства і самаахвярнасці.

Дарэчы, кантакт з дзіцячай публікай у актораў з Францыі аказаўся выдатны: дзеці пляскалі ў далоні ў такт музыкі, спрабавалі падпяваць ды загадвалі жаданне разам з галоўнымі героямі, ускідваючы далонь на чароўны амулет.

Пра гэта Еўрарадыё распавяла каардынатарка дзіцячага хоспісу Вольга Шульга.

Шульга: "Мы перакананыя, што такія мерапрыемствы павінны быць інтэграцыйнымі. Яны павінны праходзіць не ў закрытых арганізацыях, а як мага больш адкрыта, каб усе ахвочыя маглі прыйсці. Нам вельмі прыемна, што была поўная зала, што ў людзей ёсць цікавасць да таго, што мы робім. Для нас гэта вельмі важна, бо натхняе на далейшую працу".

Напрыканцы спектакля кожнага з дзетак чакаў асабісты падарунак. А бацькі мелі магчымасць пакінуць свае ахвяраванні на дабрачынным кірмашы з сувенірамі, грошы ад якога пойдуць на патрэбы хоспіса.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі