Галасоў больш за PiS, але перамагла апазіцыя? Тлумачым усё пра выбары ў Польшчы
Хто будзе фармаваць новы польскі ўрад, а хто не пойдзе ні на якія дамовы? Дональд Туск або Яраслаў Качынькі? Расказваем, як працуе дэмакратыя
Не паспелі яшчэ скончыцца выбары ў Сейм Польшчы (а скончыліся яны а 3-й уночы на панядзелак 16 кастрычніка — толькі тады прагаласаваў апошні выбаршчык, які заняў чаргу яшчэ да афіцыйнага часу закрыцця ўчасткаў), як на польскіх сайтах пачалі з'яўляцца супярэчлівыя загалоўкі. Адны з апорай на экзіт-полы пісалі, што перамагла кіроўная партыя PiS, "Prawo i Sprawiedliwość" ("Закон і справядлівасць"). Іншыя — з апорай на тыя самыя экзіт-полы, — што перамагла апазіцыя.
Дык хто насамрэч перамог? Тлумачым вам усё пра выбары ў польскі Сейм: чаму нават большая колькасць галасоў можа аказацца паразай, хто і паводле якіх прынцыпаў будзе фармаваць урад Польшчы. Карацей, пра тое, як там працуе дэмакратыя.
Рэкордная яўка — больш за 70%
Польская апазіцыя (самыя буйныя прадстаўнікі якой — “Грамадзянская кааліцыя”, “Трэцяя дарога” і “Левыя”) агітавалі на выбарах на карысць яўкі. І людзі адгукнуліся — на ўчасткі прыйшлі 71,99% выбаршчыкаў. Шмат дзе выбудаваліся даўжэзныя чэргі — беларусы, гледзячы на гэтыя фота, лавілі жорсткія флэшбэкі з 2020-га.
Чаму палякі загарэліся жаданнем паўдзельнічаць у палітычным жыцці? Рэч у тым, што ў людзей назбіралася шмат прэтэнзій да кіроўнай партыі “Закон і справядлівасць”. Двухзначный паказчык інфляцыі і заўважны рост цэн, забарона на аборты, пранікненне рэлігіі ў дзяржаўныя справы (пры рэгулярных скандалах з удзелам святароў), гандаль візамі — гэта толькі самыя гучныя нагоды для незадаволенасці. У польскім грамадстве саспеў запыт змяніць палітычны курс з кансерватыўнага на больш ліберальны.
Але ў PiS па-ранейшаму шмат прыхільнікаў у вясковай мясцовасці і невялікіх гарадах. Менавіта з невялікіх участкаў прыходзяць першыя вынікі выбараў. Таму паводле першых падлікаў партыя Яраслава Качыньскага набірала нават больш за 40%. І шмат хто з неабазнаных у польскай палітыцы зрабіў выснову, што яна выйграе выбары.
Да таго ж, тое самае паказвалі экзіт-полы (па звестках апоўдні панядзелка 16 кастрычніка):
Але ні 36,6%, ні нават 40+% не азначаюць, што чарговыя чатыры гады Польшча будзе кіравацца паводле ідэалаў PiS. Бо для гэтага кіроўная партыя мусіла набраць 50+% галасоў. Ці мець гарантаваную падтрымку іншай партыі або кааліцыі, каб мець 50+% галасоў разам. Ні таго, ні другога ў “пісаўцаў” сёлета няма.
Што будзе далей?
Польшча — парламенцкая рэспубліка на чале з прэзідэнтам. Гэта азначае, што палітыку краіны вызначае Сейм, а выканаўчая ўлада — кабінет міністраў — перад ім справаздачыцца. А польскі прэзідэнт Анджэй Дуда не мае права прызначаць і здымаць міністраў аднаасобна, як гэта адбываецца ў Беларусі.
У сітуацыі, калі ніводная палітычная партыя не набірае 50+% і не атрымлівае права сфармаваць урад сама, Дуда найперш прапануе сфармаваць кабінет партыі-пераможцы: і паводле апытанняў, і паводле падлікаў гэта будзе PiS. Яна вызначыць свой склад урада, але новы парламент яго не падтрымае, бо сумарна ў праціўнікаў “Закона і справядлівасці” галасоў больш.
Таму працэс фармавання новага кабінета зацягнецца. Магчыма, на некалькі месяцаў. Але ў выніку ўрад будзе такім, якім яго бачыць парламенцкая большасць. То-бок дэпутаты ад партый, якія стаяць у апазіцыі да сённяшніх польскіх уладаў.
Але ёсць нюанс
Калі абапірацца на вынікі экзіт-полаў, у PiS ёсць шанс на 200 мандатаў, а ў апазіцыі расклад такі: "Koalicja Obywatelska" (КО, “Грамадзянская кааліцыя”) — 163, “Трэцяя дарога” — 55, “Новыя левыя” — 30. Агулам гэта 248 мандатаў. Пераканаўчая большасць, бо ўсяго ў Сейме 460 дэпутатаў.
Але каб атрымаць большасць, трэба аб’ядноўвацца. І гэта таксама не будзе проста. Кожная партыя мае сваю праграму і свой погляд на тое, як павінна развівацца Польшча. І ў дэталях гэтыя праграмы адрозніваюцца. Узяць хаця б прыклад беларускі Яны Шостак, якая выпала са спісаў KO пасля заявы пра тое, што яна падтрымлівае права на аборт падчас усяго тэрміну цяжарнасці. Месца для дзяўчыны знайшлося ў спісах “Новых левых”, праграме якіх заява Шостак не супярэчыла.
Але шансы на тое, што апазіцыя дамовіцца паміж сабой, высокія. Урэшце, менавіта гэтага патрабуюць ад апазіцыйных сіл іх выбаршчыкі: прыйсці да ўлады і змяніць курс, якім Польшчу вядзе “Закон і справядлівасць”.
Ёсць сярод партый, якія праходзяць у польскі Сейм, і яшчэ адна: ультраправая нацыяналістычная “Канфедэрацыя”. Паводле першых падлікаў, яна атрымала блізу 6,4% галасоў, але, хутчэй за ўсё, не будзе ні з кім аб’ядноўвацца. І дакладна не будзе аб’ядноўвацца з PiS — лідары “Канфедэрацыі” ўжо зрабілі заявы на гэты конт.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.