Новыя ўлады Польшчы будуць яшчэ больш рэзкімі да Лукашэнкі, чым папярэднія

Дональд Туск

Дональд Туск / JANEK SKARZYNSKI / AFP

Пасля выбараў у Сейм у Польшчы да ўлады можа прыйсці кааліцыя апазіцыйных партый. Яны маюць шанс утварыць парламенцкую большасць і сфарміраваць урад, замяніўшы такім чынам кіруючую цяпер партыю "Права і справядлівасць".
 

Што гэта азначае для Беларусі? Як зменіцца пазіцыя Польшчы ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі?

Польскі публіцыст і палітычны аналітык Славамір Серакоўскі выказвае думку, што новыя ўлады Польшчы будуць яшчэ больш прынцыповымі ў пытанні Беларусі, чым папярэднія. Хаця менавіта ўрад Матэвуша Маравецкага пры прэзідэнце Анджэю Дуду беларуская прапаганда лічыць галоўным ворагам беларусаў у Еўропе.

"Я памятаю, як быў у Мінску ў сярэдзіне жніўня [2020 года. — Еўрарадыё], — прыгадвае Серакоўскі. — І я спытаў тады ў Дональда Туска — ён ужо не быў старшынёй Еўрапейскага савета, але яшчэ быў старшынёй найбуйнейшай еўрапейскай партыі — Народнай партыі. Я спытаў: “Спадар прэм’ер, ці гатовы Еўрасаюз фінансава дапамагчы апазіцыі, апазіцыйным медыя, беларускім інстытуцыям, у тым ліку ў эміграцыі? Ці хутчэй іх праблема застанецца чужой, можа, крыху экзатычнай для краін Заходняй Еўропы?”

І Туск адказаў так, прычым пісьмова, то-бок аўтарызаваў: “Еўрасаюз вылучыць столькі сродкаў на дапамогу беларускай апазіцыі, колькі беларуская апазіцыя будзе ў стане выкарыстаць”. І гэта была вельмі моцная дэкларацыя. Мяркую, што Еўрасаюз зацікаўлены ў Беларусі. Польшча востра зацікаўленая ў Беларусі. Перакананы, што дапамога будзе пастаяннай і што хутчэй будзе павялічвацца, чым зварочвацца".

Па выніках праверкі паловы бюлетэняў "Права і справядлівасць" набірае 37,88% галасоў і губляе парламенцкую большасць. А вось тры апазіцыйныя партыі: "Грамадзянская кааліцыя", "Трэцяя дарога" і "Новыя левыя" — могуць аб'яднацца, каб гэтую самую большасць утварыць.

Цалкам інтэрв'ю з Серакоўскім — пра тое, за што Лукашэнка так не любіць палякаў, чаму пазіцыя Кіева што да беларусаў і Ціханоўскай — памылка, што мусіць зразумець Еўропа пра Беларусь — чытайце тут.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі