Гамяльчанін пакінуў бомбу часоў Айчыннай вайны пад апорным пунктам міліцыі
46-гадовы жыхар абласнога цэнтру знайшоў выбухоўку ў Сожы, калі гуляў з сабакам.
Сваю небяспечную знаходку мужчына пакінуў ля ўваходу ў апорны пункт міліцыі № 4, які знаходзіцца ў шматпавярховым жылым доме па вуліцы Агарэнка. Гэта выклікала пярэпалах сярод мясцовых жыхароў. У выніку, жыхары дома былі эвакуяваныя, рух транспарту прыпынены.
У часе апытання вінаваты ў пярэпалаху сказаў, што бомбу знайшоў выпадкова, каля вёскм Старое сяло Веткаўскага раёну. Супрацьпехотную міну ён дастаў з пяску, заматаў анучай і паклаў у скрыню, каб перадаць праваахоўнікам. Сказаў, што не выклікаў міліцыю на месцы, бо час быў позні.
Гамяльчанін праехаў з бомбай у багажніку каля 15 кіламетраў, у тым ліку каля населеных пунктаў. Кажа, што не падумаў пра магчымыя наступствы.
Радыус дзеяння такой бомбы — 600 метраў. Калібр 82 сантыметры, піша “Гомельская праўда”.