Гамяльчанка абрабавала свайго дзеда, а потым зачыніла на 2 сутак у прыбіральні

Гамяльчанка абрабавала свайго дзеда, а потым зачыніла на 2 сутак у прыбіральні

Суд Чыгуначнага раёна Гомеля прысудзіў 33-гадовую жанчыну да сямі гадоў пазбаўлення волі. Яе абвінавацілі ў рабаванні і незаконным пазбаўленні волі.

У каментары БелаПАН старшы памочнік пракурора Гомеля Алена Канаваленка паведаміла, што жанчына — раней не судзімая, разведзеная, пазбаўленая бацькоўскіх правоў. Яна жыла ў адной кватэры з родным дзедам, якому было 84 гады.

У ліпені 2015 года ўнучка папрасіла ў пенсіянера грошай. Атрымаўшы адмову, яна сілай забрала ў яго з нагруднай кішэні кашулі два мільёны рублёў. Мужчына заявіў на ўнучку міліцыю, і яе забралі ў ізалятар часовага ўтрыманны для разбіральніцтва. На жанчыну пачалі крымінальную справу.

Вярнуўшыся дадому, жанчына вырашыла адпомсціць дзеду. Яна зачыніла яго ў прыбіральні, дзе ён знаходзіўся двое сутак без вады і ежы. Сама гамяльчанка на гэты час сышла з кватэры.

У міліцыю звярнулася дачка пенсіянера, маці абвінавачванай.

На судзе абвінавачаная сваёй віны не прызнала. Па яе словах, дзед аддаў ёй грошы сам. А ў прыбіральні яна яго зачыніла, нібыта, для таго, каб ён на сабе адчуў, што значыць апынуцца ў замкнёным памяшканні.

Дарэчы, пенсіянер не дачакаўся рашэння суда: ён памёр падчас следства.

Прысуд пакуль не набыў законную моц і можа быць абскарджаны.

Фота: freesmi.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі