Гандаль насваем у Мінску: на сумесі з тытуню і фекаліяў зарабляюць па $5000

Слухачы Еўрарадыё не раз сігналізавалі аб продажы насваю ў цэнтры Мінска. Хоць наркотыкам гэта сумесь не лічыцца, прадаваць яе фармальна забаронена. Правяраем інфармацыю пра гандаль насваем. Звесткі пацвярджаюцца.

У галоўнага нарколага Мінздароўя Івана Канаразава цікавімся, ці небяспечны насвай для здароўя.

“Гэта адназначна шкодна. Мы не праводзілі спецыяльных даследаванняў. Але там, адкуль гэта да нас прыйшло (з Сярэдняй Азіі — Еўрарадыё), такое рабілася. 82% асоб, якія атрымалі рак ротавай поласці, — гэта спажыўцы насваю, — апелюе фактамі спецыяліст. — Але ў Беларусі ёсць складанасць з аднясеннем гэтай сумесі да спісу наркатычных рэчываў. Справа ў тым, што наркотыкі трапляюць туды на падставе хімічнай структуры. А насвай — гэта сумесь, і якім чынам яе туды аднесці — незразумела”.

Іван Канаразаў пералічыў інгрэдыенты насваю: тытунёвы пыл, гашаная вапна і… вярблюджы кізяк. Замест кізяку, як пра гэта шырока паведамляецца ў глабальным сеціве, у сумесь могуць дадаваць курыны памёт ці іншыя фекаліі жывёл. Усё гэта спажывец закладае за губу, а потым выплёўвае.

Спецыялісты падкрэсліваюць, што з-за фекаліяў ёсць рызыка падхапіць страўнікавыя інфекцыі. Насвай вырабляюць у гаражных умовах, таму пра нейкія стандарты вытворчасці гутаркі не вядзецца. Што праўда, спажыўшы насвай, чалавек не схопіцца за нож і не пойдзе рэзаць людзей. Але прывыканне да сумесі вельмі моцнае, і завязаць гэтак жа складана, як кінуць курыць.

На прэс-канферэнцыі, прысвечанай барацьбе з наркотыкамі, кіраўнік Упраўлення па наркакантролі МУС Мікалай Карпянкоў выказаўся і пра сітуацыю з насваем:

Мы разумеем, якую гэта нясе небяспеку для нашай няпоўнагадовай моладзі. Вельмі шмат грамадзян звяртаюцца да нас на гэты конт. Мы выязджалі, ставілі камеры і бачылі, як маладыя людзі па 13, 14, 15 гадоў спакойна купляюць насвай у распаўсюднікаў. Раўнадушна на гэта глядзець мы не маглі. Аказалася, збыт гэтага рэчыва ў Беларусі арганізавалі тры чалавекі. На іх была заведзеная крымінальная справа па артыкуле 233, частка 1 (“Незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць”). За дзень яны гандлявалі і на 5, і на 10 тысяч долараў, атрымлівалі буйныя заробкі пры мінімальных укладаннях”.

Як стала вядома Еўрарадыё, крымінальная справа, пра якую выказаўся кіраўнік наркакантролю, расследавалася Следчым камітэтам каля года. Яшчэ тады дзейнасць трох маладзёнаў, якія арганізавалі насвайны бізнес, маглі спыніць. Але нядаўна вытворчасць па крымінальнай справе была спыненая. І сёння тыя самыя “каралі вярблюджых кізякоў” адкрыта прадаюць насвай у цэнтры Мінска.

Існуе Дэкрэт №28, які забараняе распаўсюджванне насваю ў Беларусі. Але яго недастаткова. Гандляры сплачваюць невялікія штрафы і прадаюць далей.

Мы перакананыя, што гэтыя несумленныя грамадзяне будуць затрыманыя і прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці. Як толькі мы разбярэмся з нашымі заканадаўчымі ініцыятывамі (гутарка вядзецца пра распаўсюджванне спайсаў і “бубак”, ― Еўрарадыё), абавязкова гэтую справу вырашым, — абяцае Мікалай Карпянкоў. — У нейкі са спісаў забароненых рэчываў насвай будзе ўключаны. І за збыт будзе крымінальная адказнасць”. 

P.S. Афіцыйны прадстаўнік следчага камітэта Беларуси Юлія Ганчарова патлумачыла Еўрарадыё, што яе ведамства разумее важнасць і значнасць праблемы. Крымінальная справа ў дачыненні да гандляроў насваем сапраўды была спынена. Але здарылася гэта з-за прабелу ў заканадаўстве. Паводле артыкула 233 крымінальнага кодэкса, гутарка аб незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці можа весціся ў тым выпадку, калі дзейнасць ліцэнзаваная. А легалізаваць продаж насвая апрыёры немагчыма. Распаўсюд сумесі забараняе Дэкрэт №28. Выходзіць, незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці ў дадзеным выпадку няма. Такая вось калізія.

У дадзены момант, як паведаміла Юлія Ганчарова, прымаюцца меры для ліквідацыі прабелу ў заканадаўстве, які дазволіў рапсаўсюднікам  насвая сысці ад крымінальнай адказнасці. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі