Гандлярам дазволілі павысіць кошты на тавары, закупленыя да дэвальвацыі

Аднак калі яны яшчэ да новага года пералічылі тавар у рублях і ўсталявалі на яго цану, то павысіць кошт ужо не атрымаецца. Пра гэта ў інтэрв’ю Еўрарадыё расказала віцэ-старшыня Саюза прадпрымальнікаў Лілія Коваль. Па яе словах, калі прадпрымальнік купіў, да прыкладу, мандарыны яшчэ да дэвальвацыі, 31 снежня, і не ўсталяваў нацэнку ды адпускную прадажную цану, то з 2 студзеня гандляр ужо можа афармляць мандарыны на 20% даражэй.

Лілія Коваль:
“Калі вы купілі мандарыны да Новага года і яны ў вас апрыходаваныя па цане кантрактнай закупкі. То бок, яны стаяць у вас ва ўмоўных адзінках. Вы на іх яшчэ не рабілі нацэнку і не рабілі адпускную прадажную цану. У гэтым выпадку вы можаце пералічыць іх з 2 студзеня па новым курсе”.

Калі ж прадпрымальнік яшчэ да новага года атрымаў тавар за валюту, пералічыў яго ў рублях ды ўсталяваў адпускную прадажную цану, то пасля новага года ён ужо не можа зрабіць пераразлік і памяняць цану.

Аднак закон не пужае гандляроў. Цэны на рынках імгненна выраслі. Праверка Міністэрства эканомікі паказала, што кошты на некаторыя тавары завышаныя аж на 70%! У асноўным парушэнні тычацца цытрусавых і рыбы. Гэта пацвердзіў і намеснік начальніка ўпраўлення цэнавай палітыкі камітэта эканомікі Магілёўскага аблвыканкама Вячаслаў Пікус:

“Ёсць завышэнне цэнаў больш чым на 60%. У асноўным, пладова-агароднінныя прадукты, яблыкі, цытрусавыя, бананы, рыбная прадукцыя. І былі парушэнні на сушкі, баранкі, хлеба-булачныя вырабы, на нехарчовыя тавары”.

У Беларусі існуе спіс сацыяльна значных тавараў, на якія дзяржава ўсталёўвае мяжу цаны. Сярод гэтых прадуктаў, да прыкладу, хлеб, мука, малако, цукар, бульба… На астатнія ж тавары такіх абмежаванняў няма.

Таму Еўрарадыё задалося пытаннем - якім жа чынам у такім выпадку дзяржава можа казаць пра завышаныя цэны на мандарыны, лімоны і алей, ды яшчэ і караць прадпрымальнікаў? Можа, тлумачыць, Вячаслаў Пікус. Тут існуе абмежаванне на надбаўку.

Вячаслаў Пікус:
“Калі агульная надбаўка каля 30% да аптовай цаны вытворцы ці імпарцёра, то на шэраг харчовых тавараў гэтыя надбаўкі ніжэй за 30%. Завышаюць гэтыя надбаўкі. Ну, і адпаведна бываюць выпадкі, калі завышаюць і 30% гэтыя таксама”.

Лілія Коваль лічыць, што вінаватая ў гэтай сітуацыі найперш дэвальвацыя. З-за яе выраслі закупачныя цэны, арэндная плата ды шмат іншых выдаткаў. Адпаведна, прадпрымальнікі імкнуцца пакрыць усе гэтыя выдаткі, павысіўшы кошты на тавар.

Лілія Коваль:
“Канечне, гэта звязана з дэвальвацыяй рубля. Акрамя таго, людзі, якія, да прыкладу, увезлі імпартныя тавары да новага года, яны згубілі на курсе валют. Плюс людзі нясуць затраты і страты ў сувязі з забаронай авансавых плацяжоў па імпартных кантрактах. Таксама павысілася арэндная плата. І ў сувязі з гэтым кожны кіраўнік разлічвае свае страты і спрабуе іх неяк кампенсаваць”.

Ці законнае падвышэнне цэнаў, трэба вырашаць індывідуальна, лічыць Лілія Коваль. Супрацоўнікі Міністэрства эканомікі ды выканкамаў, якія праводзілі праверку на рынках, відаць, ужо разглядзелі кожны выпадак індывідуальна і склалі пратакол адміністрацыйнага правапарушэння.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі