Ганна Хітрык: “Сёння тэатр – гэта такі вялікі дзяржзаказ”

Еўрарадыё вырашыла разабрацца, што для тэатра азначае дзяржзаказ, наколькі ён патрэбны і ці супадае з творчымі планамі акцёраў. Пачатак дыскусіі паклала актрыса тэатра імя Янкі Купалы Алена Іваннікава. Менавіта яна ў адкрытым лісце Аляксандру Лукашэнку запыталася, навошта іх тэатру такія дзяржзаказы, як, да прыкладу, спектакль “Ядвіга”. Паводле слоў актрысы, на пастаноўку былі выкінутыя дзесяткі мільёнаў рублёў, але п'еса была такая дрэнная, што нават перапісаная акцёрамі тэатра амаль наноў не выклікала цікаўнасці ў публікі.

Калега Алены Іваннікавай Ганна Хітрык прызналася Еўрарадыё, што ў іх рэпертуары ёсць вельмі добрыя спектаклі з тых, на якія быў дзяржзаказ. Да прыкладу – “Балада пра каханне” паводле “Альпійскай балады” Васіля Быкава. Але, згодна са словамі актрысы, яна вельмі дрэнна ставіцца да самой сістэмы дзяржзаказаў.

Ганна Хітрык: “Сёння тэатр – гэта такі вялікі дзяржзаказ. Мы ж дзяржаўная ўстанова! Але мне здаецца, што ў нас такая прафесія, для якой заказ – не вельмі добра. Акцёр і рэжысёр павінны рабіць тое, што ім хочацца. І заразіць гэтым жаданнем калегаў, міністэрства і ўсіх астатніх. А калі нехта прыходзіць і кажа, што і калі я павінна зрабіць – мне гэта не цікава”.

Дарэчы, згодна з кантрактам, акцёр не можа адмовіцца ўдзельнічаць у прапанаваным яму спектаклі. Але Ганна Хітрык адмовілася іграць у некалькіх спектаклях, якія ёй не спадабаліся, і прымушаць яе не сталі. Праўда, што гэта за спектаклі – сказаць яна не захацела.

Новы рэжысёр Купалаўскага тэатра Мікалай Пінігін сваё стаўленне да заказаных дзяржавай спектакляў выказаць адмовіўся.

Мікалай Пінігін: “Я толькі пачаў працаваць. Ніякіх інтэрв’ю, ніякіх пытанняў – я нічога яшчэ не ведаю. Я яшчэ нічога не разумею – дзе я апынуўся і што я буду рабіць. Адзінаццаць год мяне не было ў Беларусі!”

Але, як высветлілася, не ўсе тэатралы катэгарычна адмоўна ўспрымаюць дзяржзаказ. Паводле слоў дырэктара тэатра імя М. Горкага Эдуарда Герасімовіча, яны былі б толькі радыя, калі б дзяржзаказаў у іх тэатра было як мага больш.

Эдуард Герасімовіч: “Мы, наадварот, дзяржзаказ вітаем і хочам, каб дзяржзаказаў было больш. Гэта іншае фінансаванне, дадатак да таго, што ёсць у тэатра. Існуюць грошы, субсідыі, якія дзяржава выдзяляе тэатру на новыя пастаноўкі. Як заўсёды, іх не хапае. Таму што адзін спектакль можа каштаваць 25 мільёнаў беларускіх рублёў, а другі – 120. І іх не хапае. А калі дзяржзаказ робіцца, гэта даюцца дадатковыя грошы”.

Паводле слоў дырэктара, ніякіх навязванняў рэпертуару пад дзяржзаказ няма, і акцёрам не даводзіцца граць у спектаклях, якія ім не да спадобы. Ім з Міністэрства культуры п'есы не прыносяць і не патрабуюць паставіць нешта канкрэтнае да канкрэтнай гістарычнай падзеі.

Эдуард Герасімовіч:
“Тэатр сам вядзе сваю рэпертуарную палітыку. Іншая справа, што не пад усе творы могуць даць дзяржзаказ. А калі ты дакажаш, што табе да зарэзу трэба ставіць, напрыклад, Караткевіча, усё – гэта твае пытанні”.

Цяпер ужо былы мастацкі кіраўнік Нацыянальнага тэатра оперы і балета Валянцін Елізар’еў таксама выказваецца не супраць дзяржзаказу, а наракае на іх невялікую колькасць, на недахоп фінансавання.

Валянцін Елізар’еў: “Звычайна сцэнар, музыка, харэаграфія нараджаюцца ў нетрах тэатра. Гэта даць  Міністэрства культуры не можа. Міністэрства культуры павінна фінансаваць тэатры. Павінна быць нармальнае фінансаванне 4 спектакляў у год. Па дзяржзаказе робіцца 1 спектакль, а патрэбна 4. Хай усе чатыры будуць дзяржзаказам  – мне ўсё адно, як яны называюцца! Абы толькі грошы давалі на пастаноўкі новых спектакляў”.

Як стала вядома Еўрарадыё, у рэгіёны дзяржзаказы амаль не даходзяць. Паводле слоў акцёра Мінскага абласнога драматычнага тэатра Аляксандра Пашкевіча, грошы на новыя пастаноўкі даводзіцца шукаць самастойна. Таму ў Маладзечне будуць радыя любому дзяржзаказу. Нават калі п'еса не спадабаецца.

Аляксандр Пашкевіч: “Дзяржзаказ – гэта грошы, вось і ўсё тлумачэнне. А творчае несупадзенне… Гэта праца: можа і не супадаць. Гэта частка прафесіі, трэба закахацца ў матэрыял, каб зрабіць з яго нешта добрае”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі