Гаспадыня аграсядзібы: “Гэта не “еўрарамонт” і не санаторый…”

120529 Buka_site.mp3

Еўрарадыё: Чаму вы вырашылі развіваць агратурызм у Беларусі?

Юлія Бука: Калі я яшчэ была маленькая, магчыма, я бачыла нешта ў нашай прыродзе, тое, што залажылі ў мяне бацькі, тое, што павінны бачыць іншыя людзі, а не толькі мы. Тут не толькі бізнэс – тое, што маем мы павінен паглядзець яшчэ нехта, бо гэта натуральнае.

Еўрарадыё: Можа, вы ўжо заўважылі, каму менавіта хочацца наведваць вашу аграсядзібу?

Юлія Бука: У нас ёсць свае пастаянныя кліенты. З імі вельмі проста працаваць, таму што яны ведаюць, куды едуць, і што іх чакае. Гэта намнога спрашчае працу, таму што не трэба тлумачыць, што гэта не санаторый, што гэта не “еўрарамонт”, што гэта асобнае жыллё ў звычайнай вясковай хаце і гэта вельмі танна. Ёсць людзі, якім трэба зэканоміць грошы, ёсць людзі, якім трэба адпачыць ад людзей і нікога не бачыць, ёсць кампаніі, якія задавальняе мінімум умоваў і максімум свабоды, бо мы не жывём разам са сваімі гасцямі. Гэта звычайныя вясковыя хаты – яны выкупленыя, паціху-патрошкі падрамантаваныя, але захаваны стыль – тое што бачылі нашы бацькі, дзяды. У нас былі такія госці, якія казалі, што шкада, што нам трэба плаціць, каб паглядзець, як жылі нашы бацькі.

Еўрарадыё: Госці збольшага замежныя, ці беларусы?

Юлія Бука: Мы з замежжам не працуем. А чаму не трэба адпачываць нашым, беларусам? У Беларусі такія цэны ўсюды, што не ўсе могуць дазволіць сабе адпачываць у сядзібах. А адпачываць жа хочацца і нашым людзям. Вось у гэтым годзе мы плануем, што да нас прыедзе з Польшчы група дзяцей да 18-і год, з імі кіраўнікі, сем’і. Гэта першая вялікая група з-за мяжы. Але ў нас ужо быў кітаец, цяпер былі дзяўчаткі з Польшчы, з Амерыкі нават… Мы не ведалі гэтага, таму што замаўлялі хату хлопцы. І вельмі цікава, калі чытаеш пасля іх падзяку ў нашых альбомах. Вельмі рады, што і ім нават падабаецца. Я кажу, што яны вярнуліся на некалькі гадоў, а то і на стагоддзе назад. Такое яны могуць убачыць ужо толькі ў музеі – тое, што ёсць у нас.

Еўрарадыё: Што могуць убачыць у вас людзі “бетону ды асфальту”.

Юлія Бука: У нас няма такой практыкі, што мы павінны нечым забаўляць нашых гасцей. Па-першае, у нас такія госці, якім не трэба нічога. У нас быў такі выпадак, што калі на Новы Год нашы госці прапанавалі прайсціся па хатах з Дзедам Марозам, са Снягуркай, павіншаваць – потым іншы сказалі, што ці можна, каб тыя больш не прыходзілі. Мы адразу тлумачым нашым гасцям, што ў нас можна жыць у хаце, як у сябе дома. Усё ёсць: ёсць гатаваць на чым, ёсць дзе спаць, посуд… Таму мы можам са сваімі гасцямі сустракацца, толькі як яны заязджаюць, і як адязджаюць. Калі ім нешта трэба ад нас – мы падыходзім, прапаноўваем катанні на кані, на лодках, на веласапедзе, паглядзець жывёл нашых (тое, што ў нас ёсць у гаспадарцы), ці пагаварыць проста пра нашу гісторыю, пра наша жыццё… Некаму гэтага хапае. Але мы адразу расказваем, што ёсць ў ваколіцах, што ёсць касцёлы, цэрквы, што ў нас ёсць Мосар блізка, што ў нас ёсць дэндрапарк. Ёсць Полацк блізка. У нас прыязджаюць госці з Мінска – едуць у Полацк – гэта як пункт, з якога можна паехаць далей. Замежныя госці прыязджаюць з беларусамі, таму ў іх свая праграма ёсць заўсёды. Тое што іх цікавіць – у нас ёсць возера – гэта адпачынак, гэта пляж, гэта спартыўны інвентар, калі хто хоча. У асноўным, прыязджаюць з нечым са сваім – і з праграмай, і з рэчамі, якімі яны карыстаюцца.

Еўрарадыё: Якая перавага такога адпачынку над адпачынкам на моры ў Егіпце?

Юлія Бука: Зразумела, па коштах танней. У нас ёсць хлопчыкі з Мінска, якія ўжо, можа, з дваццаць разоў прыязджалі. Яны, першы раз як прыехалі, сказалі, што мы былі ў Егіпце, нам так не спадабалася, як у Валодзькаве. У іх было столькі эмоцый: яны пакаталіся на кані, недзе распрагліся ў полі, першы раз у жыцці паспрабавалі неяк злажыць гэта ўсё ў кучу і паехаць дахаты. Гэта свая кампанія, гэта свае інтарэсы, няма каманды “ідзі туды, ідзі сюды”. А я – можа, ў апраўданне сабе – маю такую тэорыю, чаму ў мяне лепш, што там трэба прыехаць, трэба прывыкнуць да той тэрыторыі… Па-першае, я не люблю тлуму і глуму, і думаю, што таксама не кожны чалавек любіць гэта. У нас часта прыязджаюць выкладчыкі, якія кажуць, што нам бы адпачыць ад людзей, нам бы не бачыць іх, у нас увесь час студэнты, студэнты, увесь час людзі… І вось, калі чалавек прыязджае ўжо сёмы год запар, пытаюся, што, можа, вы ўжо куды яшчэ зездзілі… “А зачем нам? От добра добра не ищут”. Таму, гэта радуе, гэта супакойвае, але і складаней з гэтым працаваць, таму што трэба яшчэ здзівіць нечым на наступны год. Тады са стравамі мы думаем, што ім прыдумаць навейшага, лепшага, смачнейшага. Вось учора, дарэчы, мы з братам ў бабулі запыталіся (адна з маіх цётак, якой заўтра будзе 90 год), як пячы хлеб. І вырашылі, што мы возмемся, навучымся пячы хлеб свой у печы, жытні і будзем частаваць гасцей такімі стравамі.

Еўрарадыё: А ці было, што кліенты былі незадаволеныя? Можа, надвор’е кепскае, камары?..

Юлія Бука: Вось-вось, камары! У мяне сын у Варшаве вучыцца. Мы яго просім, каб у інтэрнэце паглядзеў, што трэба зрабіць, каб было менш камароў. Я не ведаю, ці гэта прырода зрушылася, ці яшчэ нешта – ну праўда. Столькі камароў! Мы самі ўжо пакутуем ад іх. Я ведаю, што гэта недахоп, і папярэджваю гасцей, бо былі такія выпадкі: “А што ў вас камары? А ў вас яшчэ і авадні?” Але ж бывае, што дзеці рады жучку, жабка паскакала, і ім гэта цікава, дзеці ніколі не бачылі мышкі, ці той вожычак… Таму, ведаеце, гэта натуральнае важна. “Штучныя” дзеці ў горадзе – яны вельмі цяжка потым уладкоўваюцца ў жыцці. Добра вядома ж, калі ўсё атрымоўваецца, але майму сыну сустракаліся дзеткі, якія ніколі не елі натуральнага мёду, не бачылі, адкуль ён з’яўляецца. Таму, я думаю, ёсць незадаволеныя, але яны доўга не затрымліваюцца і больш не прыязджаюць. Да нас людзі прыязджаюць шмат разоў, і гэта значыць, што ім добра, іх гэта задавальняе. Мы спрабуем і лепшы рамонт зрабіць, і лепш трошачкі да цывілізацыі прыхінуцца, але шкада руйнаваць тое, што ўжо ёсць у хатах. Тады думаеш, як жа гэта спалучыць, каб застаўся і выгляд, і лепш было абслугоўваць сябе. Таму што, усё адно ж, умовы трэба – вось у гэтым пытанне. Так. Ёсць, якія хочуць, каб было возера пад парогам – у нас возера недзе паўкіламетра, 200 метраў ад хаты. У нас некалькі хат, учора я зарэгістравалася як гаспадыня аграсядзібы – і ў нас дабаўляюцца хаты. У нас у гэтым годзе каля тысячы чалавек пераступіла парог Валодзькава: ці гэта тыя самыя кліенты, ці гэта кампаніі, ці гэта вяселлі – гэта варта таго, што мы працуем, хоць цяжка і адказна. І нэрвы, бывае, папсуём сабе, і дзеці загружаны працай, але мы на тое і ёсць.

Еўрарадыё: А сезон – гэта лета?

Юлія Бука: Не, у нас ёсць такія паслугі, што мы працуем круглы год, і, ведаеце, не хочацца згубіць сваіх кліентаў, і іх, магчыма, падвесці, пакрыўдзіць. Ёсць такія госці, якія і жывуць, і працуюць, і харчуюцца ў нас, але яны хочуць прыязджаць да нас, дакладна. Ёсць, якія кажуць: “А вы лучше жить не можете?” – і к нам не едуць. Але тыя, якіх задавальняюць такія ўмовы, такая аплата – то едуць, і ім усё падабаецца.

Еўрарадыё: Для вас жыццё ў вёсцы – гэта адпачынак, ці ўсё ж такі праца?

Юлія Бука: А дзе не трэба працаваць? Ці ў горадзе праца, а тут – адпачынак, але я сябе адчуваю гаспадыняй на сваёй зямлі. Складана цяпер стала з людзьмі – да вёскі вельмі дрэнна адносяцца. Усё вельмі добра, з уладай нармальна, усе падтрымліваюць і не перашкаджаюць, а вось людзям ужо не падабаецца. Некаму шумна, некаму, магчыма, зайздросна, што там едуць людзі... Цяжка. Я прабую вярнуць адносіны, калі я – ветэрынарны ўрач па адукацыі – была ім патрэбна ўсім. А цяпер яны нават не вітаюцца. Абвінавачваюць, што вось укралі, вось зняслі, твае госці прыехалі, стапталі… Я мушу адказваць за паводзіны сваіх гасцей, прашу, каб людзі не вельмі тут шкодзілі. Але ж людзі прыязджаюць адпачываць: бывае, што законы нашы і іхныя не супадаюць. Гэта складана. Гэта адна з самых вялікіх праблем. Калі гучыць вечарам музычка – я ўжо хвалююся, што хоць бы не ў бок бабчынай хаты, каторая бліжэй знаходзіцца. Гэта асобныя дамы, яны далекавата стаяць, людзей засталося каля 20-і чалавек у вёсцы – але ўсё ж гэта адна з маіх непакойных тэм. Але гэта адпачынак, і нельга адмовіць людзям, калі тыя просяць. Адны апошнія нават сказалі, што нас хоць на сенавал, але каб не прамінулі.

Гаспадыня сядзібы "Родны Кут" Юлія Бука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі