Гендырэктар Сусветнай арганізацыі аховы здароўя: пандэмія набірае абароты
Гендырэктар Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Тэдрас Адханом Гебрэесус заявіў, што "пандэмія [каранавіруса] набірае абароты". У свеце ўжо зарэгістравана больш за 367 тысяч выпадкаў заражэння, памерлі 16 113 чалавек. "Ад першага зарэгістраванага выпадку [заражэння] да 100 тысяч выпадкаў прайшло 67 дзён, да 200 тысяч 11 дзён, і толькі 4 дні да 300 тысяч", — сказаў ён.
Па словах Гебрэесуса, жорсткія абмежаванні, якія ўводзяць краіны свету, замарудзяць распаўсюд каранавіруса, аднак могуць узмацніць недахоп абарончых сродкаў і матэрыялаў, з якіх іх вырабляюць. Таксама ён засцярог ад выкарыстання для барацьбы супраць COVID-19 неправераных лекаў, якія прынясуць больш шкоды, чым карысці.
"На сённяшні дзень не існуе лекаў, якія былі б прызнаныя эфектыўнымі супраць COVID-19", — заявіў гендырэктар Сусветнай арганізацыі аховы здароўя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.