Гендырэктара “Мінаблаўтатранса” будуць судзіць па пяці крымінальных артыкулах
Следчае ўпраўленне ўпраўлення Следчага камітэта па Мінскай вобласці завяршыла расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні генеральнага дырэктара ААТ “Мінаблаўтатранс”, які абвінавачваецца ў шэрагу карупцыйных злачынстваў.
Следства выявіла, што генеральны дырэктар выкарыстоўваў сваё службовае становішча і сістэматычна прыцягваў сваіх падначаленых у іх працоўны час для выканання будаўнічых і гаспадарчых працаў на сваім уласным участку, а таксама дома ў сваіх сваякоў. Такім чынам кіраўнік пазбягаў пэўных гаспадарчых выдаткаў.
Апроч таго, чыноўнік сістэматычна набываў за кошт прадпрыемства мэблю, бытавую тэхніку, аўтамабільныя дэталі і камплектуючыя вырабы. Каб схаваць раскраданні, ён загадваў кіраўнікам раённых прадпрыемстваў уносіць у афіцыйныя дакументы ілжывыя звесткі пра найменні набытых тавараў, якія спісваліся на выдаткі па рамонце і эксплуатацыі службовага транспарту.
Але і гэта не поўны пералік злачынстваў: кіраўнік “Мінаблаўтатранса” дазваляў сваім родным карыстацца службовым аўтамабілем, у тым ліку для выездаў за мяжу. За кошт сродкаў філіялаў прадпрыемства ён арганізоўваў банкеты. Таксама ён зрабіў дарагі рамонт свайго службовага аўтамабіля па надуманых падставах: у 2012 годзе ён даў указанні падначаленым спецыяльна падрапаць аўтамабіль “Аўдзі А6”, пасля чаго напісаў у міліцыю заяву пра пашкоджанне аўтамабіля невядомай асобай.
Усяго следства сабрала доказы па 25 эпізодаў злачыннай дзейнасці, у выніку якой службовая асоба нанесла прадпрыемству шкоду прыкладна на 450 мільёнаў рублёў. Следства забяспечыла поўную кампенсацыю стратаў. Накладзены арышт на маёмасць на суму болей як 8 мільярдаў рублёў, у тым ліку на грашовыя сродкі, аб’екты нерухомасці, аўтамабілі.
Падчас ператрусаў у гаражы, які выкарыстоўваў абвінавачаны, знайшлі яшчэ і пісталет “Браўнінг”, які захоўваўся там незаконна. Зброя прыдатная для стральбы.
Абвінавачанне гендырэктару ўключае ў сябе адразу пяць артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Ён знаходзіцца пад вартай.
Службовыя асобы, якія ўступалі з ім у змову, таксама прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці.