Генпракуратура: Чыноўнікі Мінгандлю вялі бізнэс і "памыляліся" ў дэкларацыях

Генпракуратура: Чыноўнікі Мінгандлю вялі бізнэс і "памыляліся" ў дэкларацыях

Генпракуратура праверыла, наколькі Міністэрства гандлю выконвае патрабаванні закона аб барацьбе з карупцыяй і выявілі шматлікія парушэнні.

Выявілася, што чыноўнікі "памыляліся" ў дэкларацыях аб даходах і маёмасці. Таксама, інфармуе БЕЛТА, выявіліся парушэнні закона "Аб барацьбе з карупцыяй". Ён забараняе дзяржслужбоўцам займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю як асабіста, так і праз давераных асоб. Аднак начальнік упраўлення гандлю і паслуг Магілёўскага гарвыканкама ў 2014 годзе займаўся прадпрымальніцкай дзейнасцю, здаючы ў арэнду нерухомасць ад імя жонкі.

У камісіі па закупках тавараў (работ, паслуг) Мінгандлю не праводзілася штогадовая змена старшыні камісіі і 1/3 членаў яе складу. Таксама выявіліся факты пасяджэнняў камісіі з удзелам асоб, не ўключаных у яе склад. Займацца дзяржзакупкамі ў міністэрстве нярэдка даручалася супрацоўнікам, якія не маюць неабходных прафесійных ведаў і навыкаў у гэтай сферы.

Працоўны кантракт з кіраўніком ААТ "МІнскКантракт" быў падпісаны так, што яму штомесяц налічваліся выплаты, не прадугледжаныя заканадаўствам. Гэта нанесла таварыству шкоду ў асабліва буйным памеры, канстатуе БЕЛТА.

Мелі месца шматлікія парушэнні пры афармленні пісьмовых абавязанняў дзяржаўных службовых асоб ва ўпраўленні гандлю і паслуг Мінаблвыканкама, ДГВА "Белрэсурсы" — кіруючай кампаніі холдынгу "Белрэсурсы", установе "Рэдакцыя часопіса "Гермес", ААТ "Белінвентаргандаль". Па ўсіх гэтых фактах Генпракуратура пачала крымінальную справу за злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі.

У Генпракуратуры нагадалі, што ў снежні 2015 года пачалі крымінальную справу на экс-міністра Валянціна Чаканава за перавышэнне службовых паўнамоцтваў. У гэтым жа годзе праваахоўнікі пачалі крымінальныя справы па фактах хабарніцтва і злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі на начальніка аддзела гандлю і паслуг Лідскага райвыканкама, начальніка такога ж аддзела Бабруйскага гарвыканкама і яго намесніка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі